Кастынгі нацыянальнага конкурса “Міс Беларусь-2018” пройдуць з 26 студзеня па 11 лютага, паведамляе БЕЛТА. Графік правядзення кастынгаў у рэгіёнах абвясціў тэлеканал АНТ, арганізатар конкурса. Яны адбудуцца 26 студзеня ў Гомелі, 27 студзеня ў Магілёве, 28 студзеня ў Віцебску, 3 лютага ў Брэсце, 4 лютага ў Гродне, 10 і 11 лютага ў Мінску.

У конкурсе “Міс Беларусь” могуць прымаць удзел дзяўчаты з добрымі знешнімі дадзенымі, якія маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываюць на яе тэрыторыі (незалежна ад месца вучобы, працы), якія ніколі не былі ў шлюбе і не маюць дзяцей.

Узрост прэтэндэнтак на ўдзел – ад 18 да 24 гадоў уключна на дату правядзення фінала. Удзельніцы не павінны мець на целе татуіровак і пірсінгу, рост не ніжэй за 174 см.

Фінал нацыянальнага конкурса прыгажосці “Міс Беларусь” пройдзе ў траўні 2018 года. Пераможца акрамя кароны і права прадстаўляць Беларусь на міжнародных конкурсах прыгажосці атрымае буйны грашовы прыз. Конкурс “Міс Беларусь-2018” праводзяць тэлеканал АНТ, Міністэрства культуры і Нацыянальная школа прыгажосці.