Больш за 200 афрыканскіх студэнтаў з усіх рэгіёнаў Беларусі сабраліся ў Моладзевым цэнтры «Гродна» ў суботу 2 снежня на штогадовае мерапрыемства «Аlabanza». На ім яны танцуюць, спяваюць і гэтым праслаўляюць Бога.
Традыцыя збірацца разам напярэдадні калядных і навагодніх святаў у афрыканскіх студэнтаў у Беларусі існуе ўжо каля пяці гадоў. Апошнія некалькі гадоў мерапрыемства «Аlabanza» праходзіць менавіта ў Гродне, дзе ёсць адна з самых вялікіх хрысціянска-нігерыйскіх абшчын.
«Наша мерапрыемства праходзіць кожны год, — распавядае мясцовы пратэстант Андрэй Кніга. — Мерапрыемства прысвечана праслаўленню Бога ў трохі нязвыклай для хрысціян Беларусі форме. Мы таксама хрысціяне і праслаўляем Бога з дапамогай танцаў і музыкі.
«Аlabanza» гэта таксама нагода сабрацца афрыканскім студэнтам разам на чужыне. Падрыхтоўка да гэтага свята доўжыцца на працягу года: здымаецца зала, апаратура, рыхтуюцца лепшыя ўборы і збіраюцца грошы. Апошнія гады мерапрыемства праходзіць у Гродне напярэдадні Каляд, бо тут адна з самых вялікіх актыўных хрысціянска-нігерыйскіх абшчын — пратэстанты і католікі".
Нагадаем, у Гродне прадстаўнікі афрыканскіх краін вучацца ў трох дзяржаўных універсітэтах, а таксама ў розных каледжах горада.