У Гродне да канца гэтага года прыпыняюць гарадскую аўтамабільную перавозку пасажыраў па некалькіх экспрэс маршрутах.

«Аўтобусны парк № 1» тлумачыць гэта аптымізацыяй гарадской маршрутнай сеткі і зніжэннем выдаткаў на перавозку пасажыраў.

Даехаць да Паўднёвага рынка цяпер не атрымаецца на аўтобусах:

№ 16Э «Вуліца Белыя Росы — Рынак «Паўднёвы»

№ 20Э «Вуліца Дамброўскага — Рынак «Паўднёвы»

№ 21Э «Вуліца Маладзёжная — Рынак «Паўднёвы»

№ 23Э «Фолюш — Рынак «Паўднёвы»

№ 26Э «Дзевятоўка-7 — Рынак «Паўднёвы»

№ 39Э «Абласная філармонія — Рынак"Паўднёвы».

Такі крок адмоўна паўплывае на бізнес, лічаць прадпрымальнікі на Паўднёвым рынку.

«Не трэба казаць, наколькі для ІП важная дастаўка людзей, асабліва перад Новым Годам. І так гандлю няма, а тут яшчэ гэты ўдар. Цікава, што некаторыя прычынай закрыцця маршрутаў бачаць нядаўнюю спробу самагубства. Кіроўца скокнуў з моста ў Нёман. Здымаюць нагрузку з кіроўцаў, няма каму працаваць. На думку прадпрымальнікаў, мабыць была праверка па гэтым факце. Заробкі невялікія, адпаведна, вадзіцеляў не хапае. Вось і праводзяць аптымізацыю. Ды і год сканчаецца. Трэба яго неяк закрыць. Вядома, гэта можа быць ударам па бізнесе,» — абураецца на сваёй старонцы ў фэйсбуку Анатоль Шумчанка, кіраўнік аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва».

Савет рынка «Паўднёвы» будзе звяртацца па тлумачэнні па гэтым пытанні.