У Спецаўтагаспадарцы распавялі Hrodna.life, што 28 лістапада ніякіх выездаў у раён вуліц БЛК, Болдзіна і Каліноўскага не было. «Падстрэлены» сабака — не іх рук справа. Усе выезды ў арганізацыі запісваюцца ў спецыяльную кнігу, запісаў пра выезд у раён Каліноўскага там няма.
Вечарам 28 лістапада гродзенцы на вуліцы Каліноўскага выратавалі сабаку, з цела якога тырчаў дроцік, падобны да таго, з якіх адстрэльваюць сабак. Абаронцы жывёл у першую чаргу сталі вінаваціць супрацоўнікаў САГ. Але ў арганізацыі адзначылі, што стрэльбаў і іншых падобных прылад у горадзе не выкарыстоўваюць, а працуюць толькі з сачкамi і сеткамі.
У САГу патлумачылі, што кідальныя прылады, якія выкарыстоўваюцца ў іх для адлову бадзяжных жывёл, крыху іншыя, чым на фота. Пры стрэле дроцік застаецца на целе жывёлы разам з ампулай. У выпадку з сабакам на Каліноўскага выкарыстоўвалася нейкая іншая кідальная прылада.
Прадстаўнік добраахвотніцкай арганізацыі «След жыцця» Дар’я Рашэтнікава адзначыла, што іншародны прадмет, выцягнуты з цела сабакі, будзе адпраўлены на экспертызу.