Якія аб’екты ў горадзе пабудуюць да канца снежня, высвятляла «Гродзенская праўда».
1. Новую паліклініку № 7 у Вішняўцы ўрачыста адкрыюць у канцы снежня
Трэці паверх цалкам гатовы да засялення медперсаналу і ўладкавання працоўных месцаў. Тут у асноўным будзе ажыццяўляцца тэрапеўтычны прыём дарослых. Ключы ад паверха ўручаны галоўнаму лекару паліклінікі Аляксандру Кашую.
Будынак лячэбнай установы складаецца з трох блокаў. У іх размесцяцца паліклінічнае аддзяленне для дарослых на 400 наведванняў у змену з дзённым стацыянарам, дзіцячае аддзяленне на 150 месцаў і жаночая кансультацыя на 100 наведванняў.
У новай паліклініцы будуць абслугоўвацца жыхары мікрараёнаў Паўднёвы і Вішнявец. Сюды ж змогуць звяртацца жыхары Салоў, Пагаран-Кашэўнікаў, Гібулічаў, Малой Альшанкі. У медыцынскай установе плануецца абслугоўваць у год 37 тысяч дарослых жыхароў і 15 тысяч дзяцей.
2. Да канца года здадуць першы пускавы комплекс абласнога клінічнага скурвендыспансэра
Ён размесціцца ў будынку былой чыгуначнай бальніцы па вуліцы Будзёнага. Гэты даўгабуд нарэшце ссунуты з мёртвай кропкі, знойдзеныя сродкі на заканчэнне работ. Як паведаміла галоўны ўрач скурвендыспансера Вольга Куротчык, у першым пускавым комплексе размесціцца стацыянар на 120 ложкаў, у другім — паліклініка, якая пакуль застанецца ў непрыстасаваным будынку былога дзіцячага садка па вуліцы Дамброўскага.
3. У снежні здаецца трэці дом сямейнага тыпу ў Гродне
У 2015 годзе першы такі дом пабудавалі на вуліцы Валковіча, праз год — другі ў пасёлку Фабрычны на вуліцы Азёрнай.
Сёння дом сямейнага тыпу таксама ўзводзіцца на вуліцы Валковіча, па суседстве з першым, будаўнікамі РСУ-1 трэсту «Гродногорстрой». Жыллё разлічана на пражыванне васьмярых дзяцей з бацькамі, яго агульная плошча 300 квадратных метраў, жылая — 133, плошча зямельнага ўчастка прыкладна 20 сотак.
4. Цэнтр комплекснага аўтасэрвісу па вуліцы Суворава ў Гродне здадуць у канцы года
Тэрміны яго ўзвядзення адкладаліся на адзін год, і вось праз месяц яго ўрачыста адкрыюць. Праектам прадугледжана, што на адведзенай пад цэнтр пляцоўцы будзе знаходзіцца будынак, у якім адначасова праводзіліся б абслугоўванне аўтамабіляў з заменай і падпампоўкай колаў, замена алеяў, хімічная чыстка салонаў і іншыя віды тэхнічнага абслугоўвання.
Адначасова ў будынку запланаваны гасцініца і кафэ. Як паведамілі ў ААТ «Шведаў», у цэнтры ўжо працуюць мыйка і хімчыстка салонаў аўтамабіляў.
5. Таксама ўрачыста адкрыецца ў снежні падоўжаны ўчастак вуліцы Гаспадарчай
На яе праезджай частцы ўжо выкладзены верхні пласт асфальту і нанесеная разметка. Зараз дарожнікі вядуць добраўпарадкаванне прыдарожнай паласы, тунэля над чыгункай. Уся праезджая частка і тунэль будуць мець святлодыёднае асвятленне.
Вуліца прадоўжана амаль на адзін кіламетр у бок Паўночнага прамысловага вузла да вуліцы Мясніцкая з выхадам на вуліцу Грандзіцкую. Адначасова яна стане дублёрам магістральнай вуліцы Горкага.