Лідара гурта Vuraj, саліст Дзяржфілармоніі, этнограф Сяржук Доўгушаў выступіць на гарадзенскіх курсах беларускай мовы «Мова Нанова». Тэмай заняткаў будзе «Прыродныя спевы».

— «Акрамя спеваў я прадстаўлю слухачам розныя музычныя інструменты — колавую ліру, некаторыя беларускія дудкі, пакажу кароткую стужку са сваіх экспедыцый, каб людзі паслухалі, як гучаць традыцыйныя спевы. Таксама правяду майстар-клас па прыродных спевах і прапаную слухачам выканаць некалькі практыкаванняў па дыханні і гучанні голасу,» — расказвае Сяржук.

Гэта будзе другі выступ Сяржука Доўгушава на курсах «Мова Нанова». Паводле яго слоў, у Гародні даводзіцца выступаць не часта. «У тым жа Віцебску мы ладзім нашмат больш канцэртаў. А хацелася б і ў Гародні - мне вельмі падабаецца горад, плануем у хуткім часе арганізаваць тут больш маштабны канцэрт» — дзеліцца планамі музыка.

Заняткі курсаў «Мова Нанова» праводзяцца штопанядзелак у 19.00 на вул. Будзённага, 48а-63. Уваход вольны, папярэдняга запісу не трэба.

Сачыць за навінамі можна ў суполках на Facebook (https://www.facebook.com/movananovaharodnia) і Vkontakte (https://vk.com/mova_nanova_harodnia).

Кароткая звестка:
«Мова Нанова» ўпершыню заявіла пра сябе ў Менску ў 2014 годзе і цяпер існуе ў 15 гарадах Беларусі, у тым ліку Гародні. Штотыдзень збірае больш за 650 наведвальнікаў, неабыякавых да роднай мовы. У лістападзе 2014 года курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю як «Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова».

www.youtube.com/watch?v=m1T-VdJG6_Y