Лідара гурта Vuraj, саліст Дзяржфілармоніі, этнограф Сяржук Доўгушаў выступіць на гарадзенскіх курсах беларускай мовы “Мова Нанова”. Тэмай заняткаў будзе “Прыродныя спевы”.
– “Акрамя спеваў я прадстаўлю слухачам розныя музычныя інструменты – колавую ліру, некаторыя беларускія дудкі, пакажу кароткую стужку са сваіх экспедыцый, каб людзі паслухалі, як гучаць традыцыйныя спевы. Таксама правяду майстар-клас па прыродных спевах і прапаную слухачам выканаць некалькі практыкаванняў па дыханні і гучанні голасу,” – расказвае Сяржук.
Гэта будзе другі выступ Сяржука Доўгушава на курсах “Мова Нанова”. Паводле яго слоў, у Гародні даводзіцца выступаць не часта. “У тым жа Віцебску мы ладзім нашмат больш канцэртаў. А хацелася б і ў Гародні – мне вельмі падабаецца горад, плануем у хуткім часе арганізаваць тут больш маштабны канцэрт” – дзеліцца планамі музыка.
Заняткі курсаў “Мова Нанова” праводзяцца штопанядзелак у 19.00 на вул. Будзённага, 48а-63. Уваход вольны, папярэдняга запісу не трэба.
Сачыць за навінамі можна ў суполках на Facebook (https://www.facebook.com/movananovaharodnia) і Vkontakte (https://vk.com/mova_nanova_harodnia).
Кароткая звестка:
“Мова Нанова” ўпершыню заявіла пра сябе ў Менску ў 2014 годзе і цяпер існуе ў 15 гарадах Беларусі, у тым ліку Гародні. Штотыдзень збірае больш за 650 наведвальнікаў, неабыякавых да роднай мовы. У лістападзе 2014 года курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю як “Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры “Мова Нанова”.
https://www.youtube.com/watch?v=m1T-VdJG6_Y