Фільм “Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць” бясплатна і па-беларуску паказалі ў Гродне 18 лістапада. Перакладала стужку паводле творчасці Джаан Роўлінг гродзенка Ксенія Капіца, агучвала мінская студыя Gavarun_by.
На паказ прыйшло каля 25 чалавек, пераважна моладзь, якая цікавіцца беларускай мовай і культурай. Зрэшты, больш людзей у маленькай зале Цэнтра гарадскога жыцця і не змясціць. Сярод гледачоў быў 31-гадовы Андрэй, які раней бачыў стужку на рускай мове.
«Трэба часцей паказваць фільмы ў такой агучцы. Гэта павышае цікавасць не толькі да мовы, але і да фільмаў, якія з рускай агучкай і не глядзеў бы. Мне здаецца, фільмы на беларускай мове часцей трэба паказваць не толькі ў такіх памяшканнях як у Цэнтры гарадскога жыцця, але і на вялікіх экранах у кінатэатрах. Я ўпэўнены, людзі хадзіць будуць».
Не трэба выдаткаў, галоўнае – жаданне
У гродзенкі Ксеніі Капіцы на пераклад фільма сышло каля тыдня. Студыя Gavarun_by на агучвала стужку каля двух тыдняў.
“Вырашыла заняцца перакладам, бо падумала, што не трэба сядзець і чакаць, а трэба ўсё рабіць самой. Пераклад фільма на беларускую мову могуць зрабіць некалькі чалавек, не трэба вялікіх выдаткаў. Галоўнае жаданне, – распавядае перакладчыца Ксенія Капіца. – Думаю, нашы людзі пайшлі б у кінатэатры на фільмы на беларускай мове. Прыклады ўжо былі. Сёння кінатэатрам не хапае разнастайнасці, а новыя фільмы на беларускай мове – гэта нешта цікавае і новае”.
Ксенія ўжо зрабіла пераклад яшчэ аднага цікавага фільма, але якога – не спяшаецца расказваць. Вядома, што гэта калядная стужка.


