У канцы лістапада жыхары мікрараёна Забалаць-2 атрымалі паведамленне з гарвыканкаму: рамонт дарогі на вуліцах Крапівы і Ляшэнка выканаць немагчыма — няма грошай у бюджэце. Гродзенцы не сталі чакаць і самі ўзяліся за справу.
Паводле падлікаў гарадскіх службаў падсыпка дарогі і ўстаноўка жалезабетоннай трубы для адводу вады і прадухілення падтаплення ў мікрараёне будзе каштаваць больш за 50 тысяч рублёў. Праблемныя ўчасткі ўзяў на кантроль «Рэмбудаўтадар», але ў гарадскім бюджэце не хапае сродкаў.
У пачатку лістапада мужчыны з Забалаці-2 самі выйшлі на рамонт дарогі на вуліцы Крапівы. Яны выкарысталі будаўнічае смецце: скарыстаную плітку, бетон, цэглу і камяні.
Гродна па тэмпах будаўніцтва жылля — адзін з лідараў у Беларусі. Ушчыльняюцца існуючыя мікрараёны, будуюцца новыя, паўстаюць раёны індывідуальнай забудовы. Праблема дарог уладам вядомая. Рэгулярна тэму адсутнасці камфортных праездаў да дамоў, агучваюць гараджане, якія тэлефануюць на прамыя лініі і пішуць чыноўнікам.
«Людзям трэба ствараць умовы, каб яны бесперашкодна даязджалі да ўчастку ў любы час года, — распавядае „Гродна плюс“ намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама, які курыруе будаўнічую галіну Казімір Гецэвіч. — Мы вялікую ўвагу хочам надаць e наступным годзе будаўніцтву праездаў у мікрараёнах жылой забудовы. Гэта вялікая праблема, мы будзем старацца максімальна прафінансаваць з горада праезды да мікрараёнаў. Баранавічы, Пагараны-Кашэўнікі, трэба завяршаць будаўніцтва дарог і ў Забалаці, Зарыцы. Пры наяўнасці сродкаў гэта будзе працягнута».