Расійскі транспартны эксперт, урбаніст і аўтар блога «Горад для людзей» Аркадзь Гершман 10 лістапада наведаў Гродна. Ён рэгулярна выступае ў медыях, цікавіцца гарадской інфраструктурай і транспартнай тэматыкай, а таксама ўсім, што звязана з перамяшчэннем у гарадах Расіі. Чым запомніўся наш горад Гершману даведаўся Hrodna.life.
Расійскі эксперт прыехаў у Гродна на машыне, але ў яго быў час пашпацыраваць па горадзе і пазнаёміцца з ім бліжэй. Водгук ён пакінуў у сваiм блогу, назваўшы матэрыял «Гродна — цёмны еўрапейскі гарадок Беларусі».
«У цэлым уражанні ад горада хутчэй прыемныя, — распавядае Гершман. — Не хапае штуршка для развіцця — пакуль абстаноўка аддае казармай і саўком па-за пешаходнай вуліцай. Вулічнае мастацтва змагло б ажывіць прастору (не блытаць з афарбоўкай сцен у дзіцячыя мультфільмы і віншаванні з 9 мая). Яшчэ пытанне з асвятленнем трэба неяк вырашаць — пацёмкi прыемныя для моладзі, але ліхтары не выконваюць свае функцыі».
Гродна выглядае выйгрышна…
У сваім блогу Гершман адзначае, што беларускія гарады вядомыя сваім парадкам і «практычна як у савецкі час» развіццём. Для эксперта Гродна, у параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі, выглядае выйгрышна — ад старога цэнтра хоць нешта засталося, за кошт чаго ёсць паток турыстаў і «сэрвіс на 1,5 вуліц» у горадзе. Прыгранічнае месцазнаходжанне таксама пакідае свой унёсак — развіццё суседзяў па баках не дае расслабляцца.
…але святла на вуліцах мала
«Доля прыемнага і прыгожага ў Гродне вышэй, чым у іншых беларускіх гарадоў. Але ёсць адзін нюанс — не пакідайце цэнтр, інакш уражанню хана. Не хапае асвятлення ў горадзе. Не даводзіць да дабра такая эканомія. Асвятленне прыдумана для простай задачы — рабіць прастору бяспечнай. Калі эканоміць на лямпачках, то які сэнс наогул было ставіць слупы і мантаваць ліхтары? Пра турыстычны патэнцыял ад прыгожай падсветкі нават казаць не хочацца», — распавядае Гершман.
План: прагуляцца і з’ехаць у Вільню
Для сябе ўрбаніст зрабіў выснову, што Гродна рэкамендуецца для трохгадзіннай прагулкі і катання на тралейбусе з квіткамі і кампосцерам. Да надыходу цемры горад лепш пакінуць — цёмна і няма чаго рабіць. «У суседняй Вільні якраз у гэты час разгар: ажываюць вуліцы і людзі падцягваюцца ў бары і кафэ», — дадаў Гершман.