Гарадскі суботнік пад дэвізам «Чысціня і парадак там, дзе мы жывем» прайшоў 11 лістапада. Па ўсім горадзе прадпрыемствы, адміністрацыі раёнаў і жыхары выйшлі на ўборку і пасадку дрэў.
Асноўныя мерапрыемствы суботніка прайшлі ў Каложскім парку: у скверы Сяброўства народаў, а таксама на Фолюшы: у новай паркавай зоне, якую ўладкавалі на месцы стыхійнага дачнага пасёлка.
У скверы Сяброўства народаў адміністрацыя Ленінскага раёна высадзіла новыя дрэвы на месцы тых, якія не перанеслі беларускі клімат. З’явіліся кедравая хвоя (ля таблічкі палестынскай дыяспары), елка (нямецкая дыяспара) і арэх чорны (грэцкая).
Да зімовага перыяду былі падрыхтаваны і іншыя расліны.
На Фолюшы да адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, якая займалася масавай пасадкай дрэў у новай паркавай зоне, падключыліся мясцовыя жыхары. Там было высаджана 30 чырвоных дубоў і 35 клёнаў востралістых. У іншых месцах горада ў межах суботніка пераважна збіралі апалае лісце.