Як пісаць аб датклівых пытаннях, кшталту праблемы з бежанцамі, і пры гэтым не скаціцца да мовы варожасці, разважалі 3 лістапада на дыскусіі ў HrodnaMediaRoom журналісты і эксперты арганізацыі «Human Constanta», суполкі «Журналісты за талерантнасць» і Савета «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні шматлікіх еўрапейскіх шляхоў, праз яе тэрыторыю праходзяць больш за 4 млн замежнікаў штогод. Рэгулярна жыве ў Беларусі каля 230 тысяч замежнікаў, з іх 52,8 тысячы маюць дазвол на пражыванне на час вучобы і працы, а 176,5 тысяч маюць права застацца настала. Хто такія «бежанцы» ў беларускім заканадаўстве не вызначана. Звычайна так называюць не толькі тых, хто атрымаў у выніку афіцыйны статус, а ўсіх, хто звярнуўся да Беларусі за міжнароднай дапамогай.

Ці пагражае Беларусі «праблема бежанцаў»

У 2016 такіх людзей было 788 чалавек. Большасць з іх, 637 чалавек, грамадзяне Украіны. Таксама звярталіся за дапамогай грамадзяне Афаністана, Пакістана, Ірака, Ірана, Сірыі. Пры гэтым статус бежанца атрымліваюць толькі 0,4%. Іншыя формы абароны атрымліваюць каля 70% звярнуўшыхся.

Афіцыйна на чэрвень 2017 года статус бежанца ў Беларусі маюць 930 чалавек. З іх 628 — з Афганістана, 36 — з Грузіі, 36 — з Сірыіі 32 — з Таджыкістану. Ці можа такая колькасць людзей стварыць заўважную праблему для краіны з насельніцтвам больш за 9 млн — пытанне хутчэй рытарычнае.

Праблема бежанцаў пры асвятленні міграцыйных працэсаў часам занадта раздзьмутая, мяркуе Наста Лойка з Human Constanta, арганізацыі, што абараняе правы бежанцаў у Беларусі. Напрыклад, у сувязі з вайной у Сірыі СМІ часцей пішуць пра міграцыю ў Еўрасаюз, хаця 95% бежанцаў з Сірыі прынялі суседнія краіны. Турцыя прыняла 3 млн бежанцаў, Ліван — 1 млн бежанцаў, Емен прымае кожны год па 140 тысяч. Да Еўрасаюза даязджаюць толькі 5% бежанцаў з Сірыі.

Талерантныя беларусы — міф ці рэальнасць

Шэраговыя беларусы не заўсёды гатовыя ставіцца да бежанцаў талерантна, зазначае Наста. Ёсць пэўны недавер і стэрэатыпы, што ўцекачы — гэта тэрарысты і нахлебнікі. Гэта мы маглі назіраць на прыкладзе бурнай рэакцыі грамадства на паведамленне аб планах будаўніцтва ў Беларусі цэнтра для мігрантаў. З кароткіх паведамленняў СМІ людзі зрабілі высновы, што зараз «Еўропа будзе нам высылаць сваіх мігрантаў». Насамрэч, і гэта патрабуе больш празрыстай падачы праз медыі, у цэнтрах будуць утрымлівацца людзі, што парушылі міграцыйнае заканадаўства. Бо зараз яны ўтрымліваюцца ў турмах.

Недагаворванні і інфармацыйныя ўкіды могуць быць вельмі небяспечнымі, бо ствараюць негатыўны вобраз бежанцаў і спрыяюць росту напружанасці ў грамадстве.

«Мы не заклікаем, каб усіх бежанцаў паказвалі белымі і пухнатымі. Мы выступаем за адэкватнае асвятленне гэтай праблемы, каб да бежанцаў ставіліся з элементарнай чалавечай павагай».

За мову без нянавісці

Медыі і журналісты маюць зрабіць грамадства больш талерантным, лічыць актывіст з міжнародная ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць» Раман Стэфаненка. Мова вызначае мысленне, а напісаны неталерантна тэкст транслюе такое стаўленне ў грамадства.

“Праблема бежанцаў” існуе і без бежанцаў, ці як стэрэатыпы ствараюць нянавісць

«СМІ - лакаматыў фармавання мовы. Журналіст як мінімум мусіць не спараджаць мову варожасці, не генераваць яе. Як максімум, сваімі матэрыяламі з ёй змагацца, па магчымасці разбураць стэрэатыпы і зніжаць градус нецярпімасці».