Як пісаць аб датклівых пытаннях, кшталту праблемы з бежанцамі, і пры гэтым не скаціцца да мовы варожасці, разважалі 3 лістапада на дыскусіі ў HrodnaMediaRoom журналісты і эксперты арганізацыі “Human Constanta”, суполкі “Журналісты за талерантнасць” і Савета “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.
Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні шматлікіх еўрапейскіх шляхоў, праз яе тэрыторыю праходзяць больш за 4 млн замежнікаў штогод. Рэгулярна жыве ў Беларусі каля 230 тысяч замежнікаў, з іх 52,8 тысячы маюць дазвол на пражыванне на час вучобы і працы, а 176,5 тысяч маюць права застацца настала. Хто такія “бежанцы” ў беларускім заканадаўстве не вызначана. Звычайна так называюць не толькі тых, хто атрымаў у выніку афіцыйны статус, а ўсіх, хто звярнуўся да Беларусі за міжнароднай дапамогай.
Ці пагражае Беларусі “праблема бежанцаў”
У 2016 такіх людзей было 788 чалавек. Большасць з іх, 637 чалавек, грамадзяне Украіны. Таксама звярталіся за дапамогай грамадзяне Афаністана, Пакістана, Ірака, Ірана, Сірыі. Пры гэтым статус бежанца атрымліваюць толькі 0,4%. Іншыя формы абароны атрымліваюць каля 70% звярнуўшыхся.
Афіцыйна на чэрвень 2017 года статус бежанца ў Беларусі маюць 930 чалавек. З іх 628 – з Афганістана, 36 – з Грузіі, 36 – з Сірыіі 32 – з Таджыкістану. Ці можа такая колькасць людзей стварыць заўважную праблему для краіны з насельніцтвам больш за 9 млн – пытанне хутчэй рытарычнае.
Праблема бежанцаў пры асвятленні міграцыйных працэсаў часам занадта раздзьмутая, мяркуе Наста Лойка з Human Constanta, арганізацыі, што абараняе правы бежанцаў у Беларусі. Напрыклад, у сувязі з вайной у Сірыі СМІ часцей пішуць пра міграцыю ў Еўрасаюз, хаця 95% бежанцаў з Сірыі прынялі суседнія краіны. Турцыя прыняла 3 млн бежанцаў, Ліван – 1 млн бежанцаў, Емен прымае кожны год па 140 тысяч. Да Еўрасаюза даязджаюць толькі 5% бежанцаў з Сірыі.
Талерантныя беларусы – міф ці рэальнасць
Шэраговыя беларусы не заўсёды гатовыя ставіцца да бежанцаў талерантна, зазначае Наста. Ёсць пэўны недавер і стэрэатыпы, што ўцекачы – гэта тэрарысты і нахлебнікі. Гэта мы маглі назіраць на прыкладзе бурнай рэакцыі грамадства на паведамленне аб планах будаўніцтва ў Беларусі цэнтра для мігрантаў. З кароткіх паведамленняў СМІ людзі зрабілі высновы, што зараз “Еўропа будзе нам высылаць сваіх мігрантаў”. Насамрэч, і гэта патрабуе больш празрыстай падачы праз медыі, у цэнтрах будуць утрымлівацца людзі, што парушылі міграцыйнае заканадаўства. Бо зараз яны ўтрымліваюцца ў турмах.
Недагаворванні і інфармацыйныя ўкіды могуць быць вельмі небяспечнымі, бо ствараюць негатыўны вобраз бежанцаў і спрыяюць росту напружанасці ў грамадстве.
“Мы не заклікаем, каб усіх бежанцаў паказвалі белымі і пухнатымі. Мы выступаем за адэкватнае асвятленне гэтай праблемы, каб да бежанцаў ставіліся з элементарнай чалавечай павагай”.
За мову без нянавісці
Медыі і журналісты маюць зрабіць грамадства больш талерантным, лічыць актывіст з міжнародная ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць” Раман Стэфаненка. Мова вызначае мысленне, а напісаны неталерантна тэкст транслюе такое стаўленне ў грамадства.

“СМІ – лакаматыў фармавання мовы. Журналіст як мінімум мусіць не спараджаць мову варожасці, не генераваць яе. Як максімум, сваімі матэрыяламі з ёй змагацца, па магчымасці разбураць стэрэатыпы і зніжаць градус нецярпімасці”.


