Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч, не чакаючы заканчэння сезона, працягнуў кантракт з гродзенцамі на наступны год. Пра гэта паведаміла прэс-служба футбольнага клуба. Навіну заўзятары «Нёмана» прынялі з вялікай радасьцю.

Нагадаем, Ігар Кавалевіч узначаліў гродзенскую каманду пасля сыходу Сяргея Саладоўнікава ў сярэдзіне мінулага сезону і здолеў з аслабленым складам захаваць прапіску ў Вышэйшай лізе. У сезоне 2017 года Кавалевіч абнавіў «Нёман» і на чэмпіянат выставіў зусім новую каманду, якая змагаецца ў кожным матчы і да канца сезона яшчэ можа ўвайсці ў чацьвёрку лепшых. Пад кіраўніцтвам Кавалевіча “Нёман” правёў у чэмпіянаце Беларусі 45 матчаў (+19=12-14).

У сёлетнім чэмпіянаце гродзенцы знаходзяцца на 4-м месцы ў турнірнай табліцы і дзеляць яго з прынцыповым супернікам «Слуцкам» – у абедзвюх каманд па 46 ачкоў. Ніжэй ідзе “Тарпеда-БелАЗ”- 45.

Ужо 4-га лістапада ў Гродне пройдзе «Заходняе дэрбi»: “Нёман” будзе прымаць “Дынама-Брэст”, якое таксама марыць пра 4-е месца і мае ў сваім актыве 44 ачкi.