У ноч з суботы 28 кастрычніка на нядзелю 29 кастрычніка краіны Еўрасаюза і Украіна пераходзяць на зімовы час. У гэтых краінах стрэлкі гадзіннікаў перавядуць на гадзіну назад. Беларусь час не змяняе.

Да 29 кастрычніка ў нас няма розніцы ў часе з Літвой, Латвіяй і Украінай, пасля гэтага дня з’явіцца розніца ў адну гадзіну. Розніца з Польшчай з адной гадзіны павялічыцца да дзвюх. Гэта значыць, што калі ў Беларусі 9.00, то ў Літве, Латвіі і Украіне — 8.00, а ў Польшчы наогул яшчэ 7.00.

Традыцыйна разам з пераходам краін-суседак на зімовы час, змяняецца расклад міжнародных цягнікоў і аўтобусаў.

Гэтак, цягнік з Кракава праз Варшаву і Беласток цяпер прыбывае ў Гродна ў 14.12 і адпраўляецца назад у 15.31. Ад 29 кастрычніка ён будзе прыбываць і адпраўляцца ў 15.12 і 16.31.

Час пераводзяць двойчы ў год — у апошнія выходныя сакавіка і кастрычніка. Беларусь адмовілася ад гэтай працэдуры ў 2011 годзе ўслед за Расіяй. Паводле беларускіх навукоўцаў, гэта працэдура шкодная, бо прыводзіць да непатрэбнага стрэсу ў арганізме. Праўда, перавод стрэлак гадзінніка дазваляе зэканоміць электраэнергію, але эканомія гэта зусім дробная.