Ужо пяты дзень гродзенец Віталь прыходзіць на старыя каталіцкія могілкі, каб парадкаваць пахаванні. У панядзелак 23 кастрычніка мужчына з самай раніцы пачаў выкарчоўваць велізарныя пні, што засталіся ад дрэваў. Робіць ён гэта па просьбе маці, аддаючы такім чынам даніну павагі людзям, якія калісьці баранілі Гродна.
«Я прыбіраю на могілках у свой вольны час. У першую чаргу прыходжу сюды з-за любові да маці, якая папрасіла мяне навесці парадак. Яна хвалюецца за стан могілак, якія ў апошні час мала хто ахоўвае. Кажа: «Дапамажы людзям, а яны дапамогуць табе».
Мне не цяжка выдаткаваць некалькі гадзін на добрую справу, тым больш гэта даніна павагi продкам. Прымушаць іншых гродзенцаў даглядаць могілкі я не магу. Хто хоча, той прыходзіць і робіць, а хто не хоча, таго таксама можна зразумець", — распавёў Віталь.
Неўзабаве надыйдуць Дзяды — дні памінання памерлых, якія адзначаюць у Беларусі 1 і 2 лістапада. Па традыцыі менавіта ў гэтыя дні людзі прыбіраюць на могілках.