Першы прыпынак грамадскага транспарту з Wi-Fi з’явіўся ў Гродне каля гандлёвага цэнтра «OldCity», у сераду 18 кастрычніка. Навінка ў горадзе, гэта сумесная інтэрнэт-ініцыятыва «OldCity» і кампаніі МТС.
Новай паслугай змогуць скарыстацца абаненты любога беларускага аператара. Каб падключыцца да інтэрнэту, у настройках тэлефона трэба выбраць сетку Old_city, затым увесці нумар мабільнага у адмысловае поле, пасля чаго прыйдзе SMS з кодам доступу. Сетка запомніць абанента і ў наступны раз падлучыць wi-fi аўтаматычна. Зайсці ў інтэрнэт можна з любой прылады: смартфона, планшэта або ноўтбука.
«Даступнага інтэрнэту павінна быць больш і на тэрыторыі нашага гандлёвага цэнтра ён ёсць усюды. Таму разам з нашымі сябрамі, кампаніяй МТС — мы вырашылі паклапаціцца аб нашых наведвальніках і на прыпынку каля ГЦ зрабіць іх чаканне больш камфортным і карысным. Мы спадзяемся, што калі наш праект прыйдзецца гараджанам і гасцям Гродна да спадобы, то мы і далей будзем развіваць гэты напрамак». — распавёў маркетолаг ГЦ «OldCity» Сяргей Іваноў.
Гродзенцы ўжо паспелі ацаніць навінку ў горадзе і падзяліліся меркаваннем з Hrodna.life.Дыяна, 17 год
«Wi-Fi на прыпынку, гэта вельмі зручна. Бо не заўсёды можна зайсці ў інтэрнэт з-за тарыфнага плану. Думаю гэта навінка прыйдзецца па душы шматлікім гараджанам, бо час на прыпынку можна будзе правесці з карысцю».
Аляксандр, 24 гады.
«Прыемна, калі ў горадзе з’яўляецца нешта новае. Хочацца верыць, што на „OldCity“ не спыняцца і пойдуць далей па горадзе рабіць такія прыпынкi. Сам асабіста можа карыстацца не буду, бо ў мяне добры інтэрнэт заўсёды пры сабе. А вось школьнікам і студэнтам, бясплатны Wi-Fi спатрэбіцца».
Варта адзначыць, што ў Гродне ў бліжэйшы час бясплатны Wi-Fi з’явіцца яшчэ на двух прыпынках, якія знаходзяцца на аўтавакзале і на Урублеўскага. Устаноўкай новых прыпынкаў займалася кампанія «Контэ Лагістык».