Прадстаўляць журналіста Руслана Кулевіча не трэба. Яго візітоўка ёсць і ў бамжа, і ў мэра, і ў міліцыянта. Пра свае артыкулы ён звычайна кажа: “Ехаў я на ровары, і бачу…” Што прывяло былога разведчыка-спецназаўца ў журналістыку і як ствараюцца эксклюзіўныя рэпартажы ён распавёў слухачам “Мовы нанова Гародня” 16 кастрычніка.

Хацеў стаць гісторыкам, вучыўся на будаўніка, стаў журналістам

Цікавасць да гісторыі горада і яго жыхароў была ў Руслана ад малога:

“Я заўсёды цікавіўся расповедамі сталых людзей, распытваў іх пра вайну, пра дзяцінства. Падлеткам любіў лазіць па падвалах і дахах у пошуках даўніх цікавостак, быў нават экскурсаводам у школьным музеі і планаваў стаць гісторыкам”. Але склалася ў жыцці інакш. Пасля школы Руслан пайшоў вучыцца на будаўніка і адначасова – у школу маладога журналіста. “Пачаўшы пісаць, зразумеў, што журналістыка – гэта маё”.

Спецназавец у журналістыцы. Руслан Кулевіч пра рэпартажы, кіламетры і таямніцы эксклюзіўных інтэрв’ю

Спецназ не падвядзе

Калі прыйшоў час служыць у войску, Руслан папрасіў скіраваць яго туды, дзе лёгка не будзе і патрапіў у разведку спецназа. “Там я засвоіў некалькі простых рэчаў, якія журналісту патрэбны не менш, чым разведчыку. Трэба быць заўсёды першым і няма слова “не магу”, ёсць толькі “трэба”.

Увесь час у руху

“Падлічыў, што за мінулы год праехаў на ровары каля 11 тысяч кіламетраў. У выніку – напісаў больш за 1000 матэрыялаў. Выпраўляючыся раніцай у паездку па горадзе дакладна ведаю, што абязязкова знайду навіну. Альбо яна сама мяне знойдзе”.

Спецназавец у журналістыцы. Руслан Кулевіч пра рэпартажы, кіламетры і таямніцы эксклюзіўных інтэрв’ю

“Ты толькі праўду напішы”

Таямніц стварэння цікавых рэпартажаў Руслан не хавае. Найперш трэба быць адкрытым да людзей і цікавіца іх жыццём. З тымі, хто раней былі героямі рэпартажаў, Руслан і пасля публікацыі не губляе кантакт. Людзі пішуць ці звоняць, каб расказаць пра здарэнні ці пра тое, што іх хвалюе. “Ты толькі праўду напішы”, – кажуць многія з іх. “Яны вераць, што публікацыя ў СМІ можа змяніць сітуацыю, і я стараюся апраўдаць давер”.

Тэмы – побач

Натхнёныя расповедам Руслана пра рэпартаж, слухачы “Мовы нанова” і самі стварылі калектыўныя журналістцкія матэрыялы. Тэмамі сталі падарожжы бязвізавых турыстаў па Гродзеншчыне, прыгоды “аленя-ліхтара” на прывакзальнай плошчы і нават курсы беларускай мовы ў Маскве.

Спецназавец у журналістыцы. Руслан Кулевіч пра рэпартажы, кіламетры і таямніцы эксклюзіўных інтэрв’ю

Ахвотных паспрабаваць сябе ў ролі рэпарцёра запрасілі да супрацы з рэдакыяй Hrodna.life. Калі ёсць жаданне пісаць – вы толькі скажыце. Дапаможам, навучым, апублікуем.