У Цэнтр гарадскога жыцця 9 кастрычніка на сустрэчу з расійскім гісторыкам, філосафам і даследчыкам анархізму Пятром Рабавым брутальна ўварваўся АМАП, перадае “Вясна”.
Затрыманых вызвалілі каля 21.35, апошнім выпусцілі Пятра Рабава. Усім інкрымінуюць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пазней напішам падрабязнасці.
Пад час сустрэчы была запланаваная лекцыя Пятра Рабава “Лібертарная сацыяльная думка апошняй траціны XX – пач. XXI cтст.”. Аднак, міліцыя затрымала каля 20 чалавек, у тым ліку і лектара. Зараз вядома, што ўдзельнікаў мерапрыемства дастаўляюць у РУУС.
Увечары Пётр Рабаў меў там жа прачытаць лекцыю “Нефармальны рух у Беларусі ў 1991 – 2010 гг.”
Заўтра аналагічная лекцыя планавалася ў Баранавічах.
Пётр Рабаў працуе ў Маскоўскім педагагічным дзяржаўным універсітэце, даследуе гісторыю думкі анархізму.
Арандатар памяшкання Павел Мажэйка распавёў Hrodna.life, што з расійскім гісторыкам ён каля 16:00 павітаўся і сышоў з “Цэнтра”, а калі вярнуўся, то ўбачыў супрацоўнікаў АМАПа.
“Людзей, якія прыйшлі паслухаць лекцыю сталі абшукваць, або правільней сказаць аглядаць, – распавяде Павел. – Правяралі сумкі, а пасля людзей павезлі, а вось куды невядома. Забралі прыблізна чалавек дваццаць. Пасля АМАПа прыехала апергруппа, якая запрасіла панятых і апісала ўсё ў памяшканні, а таксама ўзялі у мяне паказанні наконт лекцыі і ўсяго таго, што адбываецца ў памяшканні”.



