Урачыстае адкрыццё навучальнага года адзначыў гродзенскі Універсітэт залатога веку. Традыцыйна заспявалі «Гаўдэамус», атрымалі віншаванні ад калегаў з-за мяжы, пазнаёміліся з новымі выкладчыкамі і праграмамі. «Сёлета ў нас будзе навучацца больш за 150 студэнтаў, — распавяла Лана Руднік, кіраўнічка праграмы. — Будуць дзейнічаць 50 клубаў і курсаў, 15 з іх з’явіліся ўпершыню». На пачатку працы УЗВ у 2007 годзе курсаў было 6, а студэнтаў - 40.

“Бабулечка, ты фарбуешся? А што за свята?” Сталыя студэнты адзначылі пачатак навучальнага года

Варта толькі зірнуць на тых, што сабраліся ў залі. Адразу зразумела, што пачатак навучання для іх — сапраўднае свята. Святочныя строі, упрыгожванні, прычоскі расказваюць, як старанна рыхтаваліся студэнткі да сустрэчы пасля летніх вакацый.

“Бабулечка, ты фарбуешся? А што за свята?” Сталыя студэнты адзначылі пачатак навучальнага года

«Унучка аж здзівілася сёння. „Бабулечка, ты фарбуешся? А што за свята?“ Кажу — вучыцца пайду. Ці ж гэта не свята?» — распавядае сяброўкам ранішнюю цікавостку Ларыса Ганчар. Здзіўленне ўнучкі зразумелае. Бывае, што дзеці ўспрымаюць навучанне як працу ці «абязалаўку», а для сталых гэта і праўда свята на кожны дзень ды магчымасць палепшыць жыццё. Некаторых змены так зацягваюць, што са студэнтаў яны робяцца нават выкладчыкамі УЗВ.

“Бабулечка, ты фарбуешся? А што за свята?” Сталыя студэнты адзначылі пачатак навучальнага года

На новы навучальны год запланавана шмат мерапрыемстваў. Сярод навінак сезону — прапанова ўзяць удзел у «Сеньярыядзе» ў Луцку, чаканы візіт гасцей са Злучаных Штатаў і планы правядзення Форуму ўніверсітэтаў трэцяга веку з Беларусі і іншых краінаў.

«Мы хочам стварыць такую пляцоўку, дзе падобныя праграмы змогуць сустракацца, абменьвацца досведам, разам адстойваць інтарэсы сталых людзей», — распавёў Вітаўт Руднік.

Віншаванні калегам даслалі з Універсітэтаў трэцяга веку з Італіі, Балгарыі, Латвіі. Далучыліся да іх і госці, што прыехалі з Мінска і Кобрына, а таксама прадстаўнікі грамадскіх ініцыятываў горада.