Да канца года на месцы вядомай гродзенскай «Чабурэчнай» павінна з’явіцца новая ўстанова. Пра тое, што з’явіцца на месцы культавай забягалаўкі, распавёў Hrodna.life новы арандатар памяшкання Павел.
«Чабурэчная» на вуліцы Ажэшкі была зачыненая ў сярэдзіне верасня. Там памяняўся арандатар. Новы гаспадар плануе палепшыць ўстанову каб прыцягнуць новых кліентаў.
«Гродзенцам не варта турбавацца. Той самы чабурэк застанецца, але мы дадамо і іншыя стравы — сушы, піцу, — распавядае новы арандатар Павел. — Мы хочам зрабіць добрую ўстанову ў цэнтры Гродна: давесці да ладу тое што было і дадаць чагосьці новага.
На мой погляд, установа ў такім месцы павінна выглядаць значна лепш. Спадзяемся здзівіць жыхароў і гасцей горада навінкай, у першую чаргу сэрвісам і якасцю".
«Чабурэчная» на Ажэшкі праіснавала шмат гадоў, яна адкрылася яшчэ ў савецкі час. За доўгія гады ўстанова паспела стаць культавым месцам, якое палюбілі многія гараджане.
«Цяпер над інтэр'ерам працуюць дызайнеры. Важна прывесці гэта месца ў парадак. У любым выпадку будзе лепш, чым было. Спадзяюся, да нас будуць прыходзіць і тыя людзі, якія раней „Чабурэчную“ абыходзілі», — дадаў Павел.
З назвай новай установы арандатар яшчэ не вырашыў. Яна можа змяніцца. Адкрыецца новае кафэ да канца 2017 года.