Цела гродзенскага музыкі Арцёма Самойлава, вядомага як Experimental Chemistry, знайшлі 23 верасня ў пасёлку Ермакова Калінінградскай вобласці, куды ён адправіўся на заробкі з сябрамі. Падазраванага ў забойстве ўжо затрымалі супрацоўнікі паліцыі. Пакуль ідзе следства, сябры Арцёма шукаюць сродкі, каб дапамагчы сваякам даставіць цела гродзенца ў родны горад.

Арцём і некалькі іншых гродзенцаў адправіліся ў Калінінградскую вобласць 1 верасня. Там хлопцам абяцалі высокааплатную працу і жыллё. За тры тыдні працадаўцы далі толькі апошняе, але пры гэтым увесь час абяцалі аформіць дакументы і даць працу.

«Пакуль мы чакалі працу, даводзілася чымсьці сябе займаць. Хадзілі займацца на турнікі, збіралі грыбы, яблыкі, у мясцовым старым клубе нам дазволілі гуляць у настольны тэніс, зрабілі невялікі рамонт у доме, у якім мы жылі. Арцём вельмі любіў рыбачыць, збіраць грыбы і яблыкі, — распавядае Яўген, сябар Арцёма. — У адзін дзень каля крамы да мяне падыйшло некалькі мясцовых, якім не спадабалася мая барада. Абяцалі пахаваць, калі я яе не згалю. Сярод іх быў такі Толік, адбіты на галаву, мясцовы завадатар. Ад іншых жыхароў я даведаўся, што ён увесь час удзельнічаў у нейкіх разборках і яму часта прылятала. Ён і заявіў мне: «У маёй вёсцы ніхто не будзе хадзіць з барадой!»

Гродзенцы стараліся не звяртаць увагі на заўвагі мясцовых хуліганаў. Але пагрозы не спыняліся.

«У цэлым з мясцовымі мы сябравалі. У пасёлку жылі людзі ў асноўным старэйшага ўзросту і маленькія дзеці, за якімі прыязджаў школьны аўтобус. Чым маглі, мы дапамагалі жыхарам, а яны дапамагалі нам: вадой, прадуктамі, інструментам, запрашалі ў лазьню папарыцца. Але некалькі чалавек пастаянна на грузавіку ездзілі, сігналілі, выходзілі з малатком і пагражалі», — дадае Яўген.

У выніку гродзенцам працы не далі. Пасля трох тыдняў у пасёлку яны сталі паступова з’язджаць дадому — квіткі на самалёт былі на розныя дні. Яўген з першай групай хлопцаў прыляцеў у Беларусь 22 верасня. Арцём з астатнімі павінен быў паляцець праз некалькі дзён.

«Я павінен быў вылятаць з Калінінграда ў Мінск у панядзелак 25 верасня, а Арцём ў пятніцу 22, але атрымалася так, што мы з Арцёмам выпадкова памяняліся — брыгадзір купіў мне квіток на пятніцу, а Арцёму на панядзелак. Я паляцеў, а хлопцы засталіся. Увечары 23 верасня хлопцы пайшлі гуляць у тэніс у мясцовы клуб. Арцём пасля гульні выйшаў пакурыць на вуліцу. Яго доўга не было, хлопцы выйшлі і знайшлі ля ўваходу ў клуб цела ў крыві - гэта быў Арцём. Яны выклікалі хуткую, якая ехала 40 хвілін. Па прыездзе медыкаў Арцём яшчэ дыхаў, але выратаваць яго не ўдалося».

У тую ноч гродзенцы не маглі заставацца ў пасёлку — гэта было небяспечна. Хлопцы з’ехалі ў Калінінград і начавалі там на аўтамыйцы.

Паліцыя 25 верасня знайшла меркаванага забойцу Арцёма — таго самага Толіка, які ўвесь час пагражаў гроднецнам. Ідзе следства. Цела Арцёма сябры і сваякі забраць пакуль не могуць, бо яшчэ няма дазволу.

«На месцы Арцёма павінен быў быць я, але лёс распарадзіўся так, што памяняў сяброў месцамі. У выніку мы нічога не зарабілі,
а толькі страцілі час і сябра. Каб прывезці цела Арцёма ў Гродна, трэба прайсці доўгую працэдуру. Як мне вядома, спачатку труна з целам паляціць з Калінінграда ў Маскву, адтуль у Мінск, і ўжо толькі потым на катафалку ў Гродна. На ўсё гэта патрэбныя немалыя сродкі, адны бацькі не змогуць пацягнуць такія выдаткі. І мы — сябры Арцёма — просім дапамогі ў гродзенцаў, якія яго ведалі», -дадаў Яўген.


Нумары Яўгена: +375 25 9 295 041 Life:), +375 29 8 383 971 МТС