На тэрыторыі Старога замка другі тыдзень ідуць падрыхтоўчыя працы. Маштабная рэканструкцыя пачнецца ў бліжэйшы час. Работамі будуць займацца гродзенскія будаўнічыя арганізацыі «Гроднапрамбуд» і «Гроднажылбуд». У аснове работ — праект Уладзіміра Бачкова, які прадугледжвае аднаўленне замку часоў Стэфана Баторыя.

Зараз на Замкавай гары ўстанаўліваюць агароджу, а каля ўваходу ў замак валяць дрэвы. Рэканструкцыя Старога замка будзе доўжыцца некалькі гадоў. На першы этап грошы ўжо выдзелены.

«Асноўныя работы не пачнуцца, пакуль не будуць выкананы падрыхтоўчыя работы, — расказвае майстар «Гроднажылбуда» Ігар Яшчук. — Зараз галоўная задача — адгарадзіць пляцоўку і паваліць дрэвы. Рыхтуемся ў бліжэйшы час да заезду тэхнікі. Будзе зроблены дадатковы мост.

Нашыя рабочыя ўсведамляюць адказнасць, якая перад імі стаіць. Усе працы будуць весціся пад наглядам навуковых работнікаў. У нас ёсць ужо невялікі досвед падобных работ са старымі аб’ектамі. Напрыклад, будынак на Кірава ў цэнтры Гродна, комплекс у Свяцку і іншыя аб’екты".

У бліжэйшы час на тэрыторыі замка пачнуцца чарговыя археалагічныя раскопкі.