Прадукцыю пад назвай “Іван Ціхан” прадставіў на сёлетнім фестывалі сыру гродзенскі “Молочный мир”. Алімпіец сам прыйшоў на мерапрыемства, дзе распавёў пра новы сыр і правёў аўтограф-сесію.
Год таму на фестывалі сыру Іван Ціхан быў ганаровым госцем – яму ўручалі сыр “Лідар”. Сёлета прызёр Алімпійскіх гульняў быў ужо тварам гродзенскага завода і прадстаўляў імянную прадукцыю.
“Молочный мир” – гэта лідар малочнай прадукцыі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, – распавядае Іван Ціхан. – А я, як спартсмен, які мае добрыя вынікi і адпавядае ўзроўню прадпрыемства, маю магчымасць быць яго тварам”.

Сыр “Іван Ціхан” пачынаўся з таго, што летась падчас фестывалю сыру кіраўнік гродзенскага прадпрыемства Марына Анікеева прапанавала Івану Ціхану зрабіць сыр высокай якасці для спартсменаў, якім яны маглі б аднаўляцца пасля цяжкiх трэніровак і чэмпіянатаў. Тэхнолагі, якія заняліся распрацоўкай такога сыру, улічвалі пажаданні як самога Івана Ціхана, так спецыялістаў ад спорту.
“Тэхналогіі вырабу сыру “Іван Ціхан” трымаюць у сакрэце. Гэты сыр для спартсменаў – ён высокакаларыйны i лёгка засвойваецца. Сыр” Іван Ціхан” зараз заўсёды ў мяне дома і з’яўляецца маёй любімай малочнай прадукцыяй”, – дадаў спартсмен.


