Сустрэча-дыскусія з журналістам і палітолагам Аляксандрам Фядутам “Размовы пра свабоду” прайшла ў Гродне 19 верасня. Яна стала першай імпрэзай новага праекта – HrodnaMediaRoom. Плануецца, што Медыярум стане пастаянным месцам сустрэч гродзенцаў з вядомымі медыяэкспертамі. Арганізавалі праект Гродзенская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдакцыя партала Hrodna.life і Цэнтр гарадскога жыцця.
Mediaroom як месца сустрэчы
“Мы плануем ахапіць розныя бакі медыяпрасторы, каб было цікава не толькі прафесійным журналістам, але і шырокаму колу гродзенцаў. Увогуле, ёсць “звышмэта” – падвысіць інфармаванасць гродзенцаў і давер да незалежных журналістаў, падтрымаць свабоду слова”, – распаваля адна з арганізатарак праекта Вольга Корсун.
Да канца года ў Mediaroom’е запланавана каля 10 сустрэч з вядомымі медыйнымі асобамі. Ужо ёсць папярэдняя дамоўленасць са Святланай Калінкінай, Ягорам Марціновічам, Антонам Матолькам ды іншымі.
“Мы хочам запрашаць і маладое пакаленне, і мэтраў беларускай журналістыкі”, – тлумачаць арганізатары.

Апроч рэгулярных сустрэч HrodnaMediaRoom плануе запісаць шэраг інтэрв’ю з вядомымі гродзенскімі журналістамі і стварыць летапіс свабоды слова ад 90-х до нашых дзён. Вынікам сёлетняй працы стане выстава, прысвечаная незалежнай журналістыцы Гродзеншчыны.
Аляксандр Фядута пра сваё адчуванне свабоды
“Для мяне свабода – гэта мажлівасць выбару, які я ўсведамляю. Магчымасць пісаць што хачу, чытаць што хачу, думаць што хачу, перасооўвацца па свеце як хачу і там дзе хачу. Гэта мажлівасць выбіраць, да каго я стаўлюся добра, а да каго стаўлюся дрэнна, мажлівасць удзельнічаць у зменах у маей краіне, згодна з тым, як я лічу гэта мэтазгодным. Гэта – свабода. Свабода – гэта мажлівасць выбару – вольнага выбару”.
“Зараз шмат хто кажа, што Беларусь – гэта краіна, грамадзяне якой дэлегавалі сваё права выбару дзяржаве дзеля таго, каб яна ім нешта дала. Не. Гэта краіна, у якой грамадзяне ў 94-м сапраўды зрабілі выбар, які яны хацелі.
А вось далей адбылося страшнае, калі дзяржава пачала мяняць сваіх грамадзян і яны раптам на гэта пагадзіліся. Добра ж, калі ёсць што есці ў лядоўні, добра, што ёсць гарантаваная праца, добра што сусед не атрымлівае больш за мяне. Дзяржава пачала будзіць у сваіх грамадзянах вось гэта – не зусім чалавечае і зусім не беларускае. І вось гэта было вельмі і вельмі дрэнна. І зараз маем тое, што маем”.


