Нечакана каманда Ігара Кавалевіча губляе ачкі ў чарговым туры чэмпіянату Беларусі, які праходзіў у Наваполацку 17 верасня. Футбалісты “Нёмана” недаацанілі мясцовы “Нафтан” і саступілі гаспадарам поля з лікам 3:2.

Гродзенцы першымі адкрылі лік у матчы. З-за межаў штрафной на 27-й хвіліне дакладным ударам адзначыўся Уладзіслаў Клімовіч. Але гаспадары здолелі адыграцца яшчэ да перапынку. Абуна на 39-й хвіліне ў сваёй штрафной памыліўся і ўдарыў суперніка, суддзя ўгледзеў у гэтым парушэнне і паставіў на кропку. На 40-й хвіліне Волкаў рэалізаваў адзінаццаціметровы ўдар.

Пасля перапынку каманды выйшлі і адразу кінуліся ў бой, што і прынесла вынік. “Нафтан” на 51-й хвіліне забіў мяч і выйшаў наперад. Пасля памылкі гродзенскага абаронцы Верхаўцова, афрыканскі легіянер “Нафтана” Адэiобо скарыстаўся сваім шанцам.

А праз дзве хвіліны пасля таго, як гаспадары выйшлі наперад, гродзенская дружына ўжо параўняла лiк. Прыгожым ударам са штрафнога адзначыўся Андрэй Якімаў.

Пасля хуткіх забітых галоў у пачатку другога тайма, супернікі працягнулі гуляць у актыўны футбол. Але ўвесь астатні час поспех апынаўся на баку гаспадароў. Вядомы гродзенскі футбаліст Аляксей Сучкоў, які выступае за “Нафтан” здолеў на 60-й хвіліне зрабіць лiк 3:2 на карысць сваёй каманды і паставіць кропку ў матчы. Колькі б пасля ўзяцця сваiх варот гродзенцы не стараліся, гаспадары ўмела абаранялiся і здолелi утрымать лiк.

“Нафтан” – “Нёман” – 3:2

Пасля  паразы ў Наваполацку “Нёман”  не сумеў захаваць за  сабой чацвёрты радок у турнірнай табліцы і прапусцiў наперад  “Слуцк”, якi мае  зараз 37 ачкоў. У гродзенцаў на 1 бал менш.  Для “паўночнікаў” перамога над “Нёманам” стала трэцяй у сезоне. Яны маюць зараз 8  набраных ачкоў і па-ранейшаму займаюць апошняе месца ў турнірнай табліцы.

Свой наступны матч гродзенцы правядуць ужо дома, 24 верасня. Яны будуць прымаць жодзінскае “Торпедо- БелАЗ”.