У пачатку верасня ў судзе Ленінскага раёна жыхарка Гродна Дар’я і юрыст сеткі будаўнічых крам заключылі прымірэнчае пагадненне і абгаварылі ўмовы кампенсацыі, якія б задаволілі абодва бакі.
Нагадаем, яшчэ ў красавіку 2017 года гродзенка Дар’я, знаходзячыся з дзіцём у адной з буйных будаўнiчых крам горада, сур’ёзна пацярпела: ліст бляхі, прыстаўлены да стэлажоў, з’ехаў і парэзаў ёй абедзьве нагі. Крама сваю віну не прызнала і не збіралася нічога кампенсаваць. Справа дайшла да суда.
Па дадзеным выпадку прайшло тры дасудовых слуханне і адно судовае. Менавіта на апошнім, пасля таго, як суддзя выслухаў усіх сведкаў, бакі вырашылі падпісаць прымірэнчае пагадненне. Сума кампенсацыі за атрыманыя траўмы склала каля 104 базавых велічынь.
«Справу ў судзе закрылі ў пачатку верасня, бо я вырашыла пайсцi на ўступкi i заключыць прымірэнчае пагадненне з прадстаўніком сеткі будаўнічых крам, — распавядае Дар’я. - У вынiку я атрымала кампенсацыю, якая задаволіла два бакі. Хачу адзначыць дасведчаную юрыстку сеткі будаўнічых крам, якая ўнікла ў маю праблему і давяла інфармацыю да генеральнага дырэктара. Ён пагадзіўся з усімі даведзенымі сумамі кампенсацыі і доказамі».
Дар’я адзначае, што атрыманая кампенсацыя цалкам пойдзе на рэабілітацыю.
«Я ўжо прайшла першую лазерную працэдуру, а колькі ўсяго трэба будзе яшчэ прайсці, я не ведаю. Лекары кажуць, што рубцы застануцца на ўсё жыццё. Як там будзе на самой справе, пакажа час. Я буду спадзявацца на лепшае».