Трохметровы бутэрброд прыгатуюць на фестывалі памідора ў Іўі, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама.

Раённае свята «Іўеўскі памідор» адсвяткуюць 9 верасня. Пройдзе фестываль упершыню. Такім чынам у Іўеўскім раёне вырашылі адзначыць шматгадовыя агароднінныя традыцыі рэгіёну. Іўеўскі тамат, вырошчваннем якога займаюцца сотні сем’яў, даўно вядомы за межамі раёна: ён карыстаецца попытам у пакупнікоў Гродна і Мінска, пастаўляецца за мяжу.

Усе святочныя мерапрыемствы буду прысвечаны сакавітай і апетытнай гародніне. У Іўі замахнуцца на рэкорд і вырабяць велізарны трохметровы бутэрброд, адным з асноўных інгрэдыентаў якога будзе менавіта памідор. Не абыйдзецца і без дэгустацыі іншых страў з памідора. Пачнецца ж свята тэатралізаваным шэсцем па вуліцах горада. Асноўныя мерапрыемствы разгорнуцца на набярэжнай у Іўі. Тут выберуць містэра і міс памідор у карнавальных касцюмах, адбудзецца таматная дыскатэка і пройдзе канцэрт Аляксандра Саладухі.

На свяце будуць працаваць некалькі інтэрактыўных пляцовак. З ліку тых, хто займаецца вырошчваннем агародніны, абяруць галоўнага ў Іўеўскім раёне «памідорнага ўладара сяла». Правядуць і конкурс на самае арыгінальнае агароднае пудзіла. Падчас спартова-таматных спаборніцтваў «Сіньёр Памідор — наш вялікі чэмпіён» правядуць турнір па кіданні памідора і памідорныя дартс. Пройдзе дэфіле-конкурс «Веласіпедная памідорынка».

Традыцыйна будзе арганізавана работа выязнога гандлю. Прадставяць свае вырабы народныя майстры і рамеснікі. Для дзяцей адкрыюцца гульнявыя пляцоўкі і атракцыёны.