Стваральнікі квэструма «Інквізіцыя» — аднаго з самых папулярных у Гродне — пасля невялікага перапынку запусцілі новы квэст пад старым брэндам Real Game. Гэтым разам удзельнікі апынуцца ў пачатку 19 стагоддзя і будуць шукаць важныя дакументы тайнага ордэна.
Стваральнікі новага квэста да непазнавальнасці змянілі памяшканне, дадалі новыя тэхналогіі. Пры гэтым ускладнілі задачу ўдзельнікам: цяпер у гульні давядзецца задзейнічаць усе органы пачуццяў.
«Мы стараемся працягваць тэму гістарычных квэстаў і трохі прасунуліся ў часе, — распавядае стваральнік новага квэста Дзяніс. — Калі раней нашым гульцам у эпоху сярэднявечча трэба было выбрацца з вязніцы, то цяпер мы ўзнавілі дом навукоўца пачатку 19 стагоддзя. Навуковец быў кіраўніком таемнага ордэна і змагаўся з інквізіцыяй. Мы стараліся рабіць такія заданні, каб не паўтараліся ні з адным з квэстаў у горадзе. Мэта — даць магчымасць чалавеку раскрыць у сабе новыя якасці».
Сцэнар новага квэста «Скарб цёмнага брацтва» такі:
«Вы — новыя чальцы таемнага ордэна, які змагаецца з інквізіцыяй. Па патрабаванні каталіцкага духавенства ордэн быў забаронены. Ваш кіраўнік вымушаны быў у поспеху бегчы, не паспеўшы сабраць усё неабходнае. Стала вядома, што ў яго доме праз гадзіну будзе ператрус. Каб даказаць сваю адданасць ордэну, вам неабходна адшукаць і вынесці ўсё самае важнае да прыходу паліцыі. Кіраўнік казаў пра дакументы ордэна, а таксама нейкі артэфакт, якія ні ў якім разе не павінен трапіць у чужыя рукі».
«На сённяшні дзень займацца квэстамі ў горадзе з невялікім насельніцтвам — справа не вельмі прыбытковая. Але нам гэта падабаецца і мы не збіраемся спыняцца. У нас шмат ідэй і розных планаў. Разам з запускам новага квэста, мы падрыхтавалі спецыяльную праграму з аніматарамі і для дзяцей», — дадаў Дзяніс.