Унікальны маршрут па Гродне не проста правядзе турыстаў па месцах, дзе адбываліся здымкі вядомых кінастужак. Ён дазволіць успомніць самыя яркія моманты гэтых фільмаў. Канцэпцыю зараз распрацоўваюць спецыялісты, піша «Гродзенская праўда».
— У розных месцах здымак можна будзе ўбачыць прадметы з фільма. Такім, напрыклад, з’яўляецца стары калодзеж з усімі любімай камедыі «Белыя Росы». У іншых з’явіцца малюнак на сцяне будынка, на якім нібы ажыве кадр з фільма. Некаторыя месцы здымак пазначым таксама крылатай фразай з фільма, якая атрымала шырокую вядомасць, — расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
У маршрут увойдзе і створаная кінаалея, на якой у адным месцы можна даведацца аб кінематаграфічнай гісторыі горада. У Гродне жадаючыя таксама змогуць неўзабаве наведаць экспазіцыю аб кінагісторыі горада ў яго найстарэйшым кінатэатры «Чырвоная зорка».
Толькі паводле папярэдніх падлікаў, на вуліцах Гродна і ў наваколлі было знята больш за 50 фільмаў. Дзякуючы чарадзе кінастужак, многія з якіх сталі класікай, горад нават сталі называць «беларускім Галівудам». У ліку найбольш вядомых «Міколка-паравоз», «Я родам з дзяцінства», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Бронзавая птушка», «Ясь і Яніна», «Раскіданае гняздо», «Мяне клічуць Арлекіна», «У жніўні 44-га «, «Сляды апосталаў». Многія жыхары рэгіёну розных пакаленняў памятаюць пра свой удзел у здымках гэтых і іншых кінастужак.