Амаль 400 кватэр здабудуць гаспадароў у трох новабудоўлях ў гэтым мікрараёне, піша «Гродзенская праўда».
Як паведамілі ў гарвыканкаме, грамадскае абмеркаванне аб будаўніцтве групы высотных шматкватэрных дамоў правядуць у Гродне. У прыватнасці, плануецца ўзвядзенне трох 19-павярховак у мікрараёне Фолюш, якія размесцяцца на тэрыторыі, суседняй з СШ № 37, гандлёвым прадпрыемствам «Военсервис» і існуючай жылой забудовай.
Пазнаёміцца з праектам можна ў працоўны час ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама — эскіз будзе размешчаны з 4 па 18 верасня ў вестыбюлі.
Гродзенцы могуць выказаць сваё меркаванне з 4 па 28 верасня ў пісьмовай форме, накіраваўшы заўвагі ці прапановы ў гарвыканкам або ўпраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама па наступных адрасах адпаведна: пл. Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна, пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна. Можна скарыстацца электроннай поштай gorisp@gorod.grodno.by або сэрвісам «Электронныя звароты» на афіцыйным сайце гарвыканкама grodno.gov.by.
Арганізатары абмеркавання звярнулі ўвагу, што заўвагі і прапановы, пададзеныя пасля 28 верасня, разгляду не падлягаюць.
Вынікі грамадскага абмеркавання будуць падведзены на абласным архітэктурна-горадабудаўнічым савеце. Іх апублікуюць не пазней за 13 кастрычніка бягучага года на сайце гарвыканкама і ў сродках масавай інфармацыі.