Першы аўкцыён па продажы найбуйнейшай у Гродне дзяржаўнай гасцініцы «Беларусь» не адбудзецца з-за адсутнасці пакупнікоў. Конкурс па продажы гасцініцы прызначаны на 25 жніўня, тэрмін прыёму дакументаў ад патэнцыйных пакупнікоў завяршыўся 11 жніўня. Як паведамілі БелаПАН у аддзеле камунальнай маёмасці і прыватызацыі Гродзенскага гарвыканкама, заяў на ўдзел у конкурсе не паступіла. Што магло адпудзіць патэнцыйных інвестараў - кошт або ўмовы продажу, у гарвыканкаме яшчэ не аналізавалі, перадаюць naviny.by.

Лот у выглядзе 100% акцый ААТ «Гасцінічная гаспадарка» быў выстаўлены месяц таму. Прадпрыемства лічыцца гарадской уласнасцю, яму належыць 9-павярховы будынак гасцініцы «Беларусь» на 188 нумароў. На першым паверсе знаходзіцца рэстаран плошчай больш за 2000 квадратных метраў. Пачатковы кошт лота складае амаль 5 мільёнаў рублёў (каля 2,5 млн долараў).

Па ўмовах конкурсу, ад інвестара патрабуецца на працягу трох гадоў пасля куплі ўкласці ў развіццё гасцініцы і рэстарана 1 млн долараў, а таксама на працягу пяці гадоў захоўваць профіль прадпрыемства.

У цяперашні час гасцініца «Беларусь» састарэла маральна і фізічна, ёй патрабуецца капітальны рамонт. Уласных грошай у прадпрыемства на гэта няма. Будынак пабудаваны ў 1968 годзе, размешчаны практычна ў цэнтры Гродна.

Тры гады таму літоўская кампанія Arvi хацела выкупіць гасцініцу і ператварыць яе ў чатырохзоркавы гатэль, аднак патэнцыйны інвестар і гарадскія ўлады не змаглі дамовіцца аб умовах прыватызацыі.

Ці пойдзе Гродзенскі гарвыканкам на зніжэнне цаны гасцініцы і калі могуць адбыцца чарговыя таргі, пакуль не вядома.