Першы фестываль нацыянальных страў і напояў «Карто-fun» пройдзе 2 верасня на базе адпачынку «Прывал». Адкрыецца мерапрыемства ў 14.00 тэатралізаваным прадстаўленнем з удзелам Калумба, пасля чаго гледачоў чакае канцэртна-забаўляльная праграма. Завершыцца фестываль фаер-шоу і начной рэтра-дыскатэкай.Фестываль будзе прысвечаны традыцыйнай беларускай кухні. Госці змогуць паспрабаваць нацыянальныя стравы і напоі, паўдзельнічаць у конкурсах, паслухаць выступленни музыкантаў і цалкам акунуцца ў атмасферу народнага гуляння.
Для наведвальнікаў фэсту будуць працаваць цікавыя інтэрактыўныя пляцоўкі: настольныя гульні, фотазоны, дзіцячыя гульні інш. Аматары актыўнага адпачынку змогуць навучыцца старадаўнім шляхецкім танцам, папрактыкавацца ў стральбе з лука і «бульбамета». «Экстрымалаў» чакае спаборніцтва па хуткасным паяданні варанай бульбы.
На фестывалі будзе арганізавана асобная канцэртная пляцоўка. Перад гледачамі выступяць народныя ансамблі, а таксама музычныя групы: Place to be (Гомель), ZnaRock (Мінск), Irdorath (Мінск). Вечар завершыцца рэтра-дыскатэкай ад DJ Шмольц.
На працягу мерапрыемства будзе працаваць рынак рамеснікаў-майстроў.