4,3 тыс. пачак цыгарэт паспрабаваў нелегальна ўвезці ў Польшчу 42-гадовы грамадзянін Беларусі. Яму перашкодзілі польскія мытнікі. Тады ён вырашыў проста з’ехаць, не спыняючыся, паведамілі ў прэс-службе Падляшскай мытна-фінансавай службы ў Беластоку.

На тэрыторыі пункту пропуску ў Кузніцы мытнікі выбралі аўтамабіль Mazda для падрабязнага кантролю. Але калі яны паказалі кіроўцу, што трэба спыніцца, той проста аб’ехаў супрацоўніка і, набіраючы хуткасць, паспрабаваў уцячы з мяжы. Выезд імгненна заблакавалі, таму спроба была няўдалай.

У машыне ў 42-гадовага беларуса мытнікі знайшлі схованкі з 4300 пачкамі беларускіх цыгарэт. Страты для польскага бюджэту ў выпадку іх паспяховай кантрабанды склалі б каля 100 тыс. злотых.

Мытнікі затрымалі нелегальны груз і аўтамабіль. Мужчыну пагражае штраф і канфіскацыя аўто.