У другі дзень Біг-міні-фэсту гараджане і гасці горада ўпершыню маглі пазнаёміцца з мясцовым гуртам RBT (рок бывае такi). Канцэрт маладога калектыву прайшоў у дворыку па вуліцы Ажэшкі, 1.
RBT – група энтузіястаў, ніводзін з іх не мае прафесійнай музычнай адукацыі. Але, нягледзячы на гэта, хлопцы граюць і на першы іх канцэрт сабралася нямала чалавек.
“Гэта наш першы выступ. Задумка была даць канцэрт для сваіх, ну і для выпадковых гледачоў, – распавядае бубнач гурта Раман Алешка. – Наш гурт гэта калектыў адной кампаніі. Аднойчы мы сабраліся і пачалі граць. І вось ужо некалькіх гадоў мы збіраемся па выходных на рэпетыцыі”.
Доўгі час музыкі саромеліся граць на публіцы, але 30 ліпеня вырашылі выступіць на вуліцах горада.
“Ад выступу атрымалі вялікі вопыт і задавальненне. Спадзяемся, мы спадабаліся публіцы. Мы пішам зараз альбом і хутка гатовы будзем яго прэзентаваць. А пакуль нашы песні актыўна круціць гродзенскае тэлебачанне і радыёстанцыі”, – дадаў Раман.
Усе песні гурт піша сам. Аўтар большасці тэкстаў – саліст калектыву Андрэй Андрушэвiч, які жыве ў Мінску і час ад часу прыязджае ў Гродна.
У песнях RBT шмат асабістых перажыванняў саліста ў складанай жыццёвай сітуацыі. Спяваюць хлопцы як на рускай так і беларускай мове. Зусім нядаўна запісалі гімн Гродна пад назвай “Мая Гародня”.
З творчасцю гурта RBT можна пазнаёміцца ў афіцыйнай групе Вконтакте.




