Каманда Ігара Кавалевіча ў Мазыры 29 лiпеня толькі на апошніх хвілінах здолела вырваць перамогу ў мясцовай “Славіі”. Аўтарам пераможнага мяча стаў навабранец “Нёмана” Вячаслаў Глеб. Дзякуючы чарговай перамозе жоўта-зялёныя паднялiся на чацвёрты радок, якi цяпер дзеляць з ФК “Слуцк”.
Матч у супернікаў выдаўся няпросты, пагаворвалі нават пра перанос гульні з-за лужын, якія ўтварыліся на поле пасля працяглых дажджоў. Але работнікі стадыёна ў Мазыры здолелі падрыхтаваць поле і каманды выйшлі гуляць.
Гродзенцы першымі здолелі адкрыць лiк, зрабіў гэта на 29-й хвіліне Андрэй Якімаў. Гаспадары скарацілi перавагу гродзенцаў толькі на 76-й хвіліне. Дакладным ударам у мазыранаў адзначыўся Вадзім Курловіч.
Але кропку ў матчы на першай дадатковай хвіліне паставіў навабранец “Нёмана” Вячаслаў Глеб. Нападаючы пасля прастрэла з флангу толькі з другога ўдару здолеў забiць у вароты “Славіі”.
Славія (Мазыр) – Нёман (Гродна) – 1:2
Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля матчу:
– Вялікі дзякуй працоўнікам стадыёна, якія здолелі падрыхтаваць поле. У гульні было шмат барацьбы. Пасля выхаду Страхановіча “Славія” пераламала ход гульні. Мазырчукі працягнулі нагнятаць – але мы змаглі забіць у канцоўцы. Гэта сведчыць аб характары каманды.
– Што скажаце наконт выхаду Глеба?
– Яго задача была прытрымаць мяч і дапамагчы разганяць атакі. Я задаволены, як Глеб працуе і гуляе.
Пасля перамогі над “Славіяй” жоўта-зялёныя дзеляць чацвёрты радок з ФК “Слуцк”, у якіх на адзін матч згуляна менш. Абедзве дружыны маюць па 28 ачкоў.
У нядзелю, 6 жніўня, “Нёман” правядзе матч у Гродне. Каманда Ігара Кавалевіча будзе прымаць “Іслач”.








