У чацвер 27 ліпеня на вуліцы Валковіча пачаўся дэмантаж старых пабудоў для будучага будаўніцтва двух дамоў для шматдзетных сем’яў. Паводле ўспамінаў былога ўладальніка дома № 17, а таксама іншых жыхароў вуліцы, у двары, дзе цяпер працуе тэхніка, закапаны нямецкі БТР часоў Другой сусветнай вайны. Будаўнікі пра легенду ведаюць, але капаць пакуль не спяшаюцца.
Былы ўладальнік дома Алексанр Свідэрскі ўжо не раз меў зносіны з працоўнымі і паказваў дакладнае месца, дзе можа быць закапана тэхніка. Самі ж рабочыя смяюцца і скептычна ставяцца да словаў гродзенца.
«Нават калі там ёсць БТР, мы самастойна капаць не можам. Калі начальства дасць дабро, то можам капнуць і праверыць», — сказаў адзін з рабочых.
Калі месца, якое паказвае Аляксандр, апынецца дакладным, то экскаватаршчыку спатрэбіцца 10−15 хвілін каб праверыць ці ёсць у зямлі нямецкі БТР ці не. Але пакуль гэта зрабіць праблемна, няма дазволу i яшчэ не знеслі асноўную пабудову.Ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, якое адказвае за знос дома № 17, а таксама за новае будаўніцтва, распавялі Hrodna.life, што меркаванае месца пры капанні катлавана ўсё-такі правяраць. Вядома, калі там не будзе сетак і кабеляў. Адбудзецца гэта хутчэй за ўсё ўжо ў пачатку жніўня.
Нагадаем, Аляксандр Свідэрскі распавядаў, што яго дзед падчас апошянй вайны разам з некалькiмi сябрамi зацягнуў у яму ў двары дома № 17 падбіты нямецкі бронетранспарцёр, які стаяў на вуліцы. Пасля ваенную тэхнiку закапалi ў надзеi ў будучынi адкапаць. Але праз доўгія гады БТР ніхто так і не адкапаў.
І перад тым як з’ехаць са свайго радавога дома, Аляксандр адзiнае што хацеў, дык гэта даведацца, ці сапраўды яго дзед закапаў у двары дома БТР, цi не.
Варта адзначыць, што ў рэдакцыю Hrodna.life звярталіся людзі, якія пацвярджалі словы Аляксандра аб тым, што ў двары дома Свідэрскіх закапана тэхніка. Пра гэта суседзям распавядаў шмат разоў бацька Аляксандра, які ўжо памёр.