Месца па-за боскім светам стварылі “сямёра смелых” супрацоўнікаў тэатра лялек пад кіраўніцтвам мастачкі Ларысы Мікінай. На прэм’еры “Камедыі Юдзіф” 22 ліпеня гледачы ўбачылі адлюстраванні замест дэкарацый і цені замест рэальнасці. Так, на думку аўтаркі сцэнаграфіі, мае выглядаць прастора за мечамі часу – пекла ці чысцілішча, куды патрапілі героі біблейскай гісторыі.

“Калі прачытала п’есу, першае, што ўзнікла – адчуванне поўнага сюру, разумення “не-бытавой” сітуацыі. Адсюль і пайшлі кантрасты, а ў якасці дэкарацый з’явіліся “не-дэкарацыі”, – распавядае Ларыса Мікіна. Каб абвастрыць успрыняцце жарсцяў, што іграюць на аголеных нервах герояў, амаль цалкам аголенай пакінулі і сцэну.
https://www.youtube.com/watch?v=TKeb99Bt1sM

Вялікую частку спекля акторы іграюць жывым планам і адбываецца ўсё вельмі сур’ёзна. Ураўнаважваюць сітуацыю простыя пальчаткавыя лялькі-пятрушкі: “Хацелася пры гэтай сур’ёзнасці зрабіць па-сапраўднаму смешных лялек. Трагічнае і смешнае заўжды побач у жыцці, разам з каханннем, смерцю, недарэчнасцямі”. Так і на сцэне мастачка імкнулася зрабіць, каб “гэты сюр да канца стаў сюрам”.

Дадаюць адчування сюррэалістычнасці і бяскрылыя гарпіі, што ў пэўны момант вынырваюць да герояў з-пад крывавага дыму. “Абяскрыліў” іх чыста тэхнічны момант – невялікі памер сцэны: “інакш акторам немагчыма было б працаваць”, але жудаснасці аб гэтага нават пабольшала.

Фінальнай кропкай у шэрагу смешна-страшных сюррэалістычных лялек стала жывая адсечаная галава Алаферна. “Яна цалкам мімічная – брові падымаюцца, рот адкрываюцца – усё вельмі жывое”.

Каб зрабіць фантазіі і малюнкі мастачкі рэальнасцю, працавалі яшчэ шэсць спецыялістаў – увесь штат супрацоўнікаў сцэны. “На дэкарацыях працавалі Генадзь Гзюнаў і Васіль Мальцаў. Канструкцыі лялек і ўсю іх механіку распрацоўваў Павел Асадчы. Ляпілі, выразалі і шмат чаго яшчэ рабілі бутафоры Анастасія Казлова і Аня Бараноўская, а шыла ўсе строі самая лепшая швачка, майстарка на ўсе рукі Алёна Гулько. Канечне, і сама таксама з усімі імі працавала”.



