Два дні на Балтыцы правялі сем'і з Гродзенскага дзіцячага хоспіса

Пабачыць мора і правесці выходныя ў Паланзе змаглі 16−17 ліпеня 11 сямей, дзецьмі каторых апякуецца Гродзенскі дзіцячы хоспіс. У паездку выбраліся каля 50 чалавек. Сродкі на падарожжа збіралі на краўдфандынгавай пляцоўцы «Мае Сэнс».

Любую паездку з дзецьмі, што маюць інваліднасць, лёгкай не назавеш. Рэжым харчавання, прыём лекаў, гігіенічныя працэдуры ў дарозе не адмяняюцца. Але ж мора многія з дзяцей і нават бацькоў ніколі раней не бачылі, таму магчымасці паездкі, не зважаючы на цяжкасці, радаваліся. Выехалі з Гродна ў 4 гадзіны раніцы, каб больш часу правесці на пляжы.

«Дарогу нармальна перанеслі - і елі, і спалі, і песні спявалі, — расказвае Наталля Ненартовіч, адна з мам. — Гэта дробязі ў параўнанні з уражаннямі ад мора. Дзеці даўно хацелі яго пабачыць, а тут — шанец. Цэлы дзень у вадзе разам скакалі. Хвалі з ног збіваюць, а яны пішчаць, смяюцца. Да гэтай пары тату расказваюць, што пясок на моры не такі, як каля Нёмана, а літоўскія цэпеліны не падобныя да беларускіх. Успамінаюць, як на беразе ракушкі збіралі і ў парку шышкамі „Гродна“ напісалі. На наступны год ужо „марскія“ планы строяць. Пастараемся ўсёй сям’ей з’ездзіць».

Да пляжа ў Паланзе вядзе палогі пандус, так што дабрацца да мора змаглі нават з дзецьмі на вазках. Каб паплаваць змаглі ўсе, па чарзе прыглядалі за дзецьмі. Сем'і з хоспіса добра ведаюць адна адну і як ніхто іншы разумеюць неабходнасць узаемнай падтрымкі. Таму на цяжкасці на пляжы забыліся — уражанні ад сустрэчы з морам іх пераважылі.

«Мы таксама на моры першы раз з Карынай, — дзеліцца ўражаннямі Ірына Насытка. — Трохі хваляваліся, казалі, што Балтыка халодная, перажывалі, як на пляжы нас успрымуць. Але атрымалася ўсё вельмі добра, тут не звяртаюць увагі на асаблівасці іншых. Ды і кампанія свая — усе роўныя, таму было камфортна, Карына нават трошкі загарэла. І нават хмурае надвор’е другога дня не сапсавала ўражанняў, Паланга нам вельмі спадабалася».

Вечарам усе сабраліся на пляцоўцы каля гасцявога дома, дзе спыніліся. За размовамі і жартамі не заўважылі, як сцямнела. Хаця ноччу прайшоў дождж і пакупацца наступным днём не атрымалася, шпацыр у парк да палаца Тышкевічаў прынёс не менш задавальнення. Дзівіліся на чаек, што плавалі на затоках разам з качкамі, мноству кветак і старым ліпам вакол палаца.

«Цяжкасці забудуцца, да і нам не прывыкаць, а вось уражанні і ўспаміны ад Балтыкі - застануцца», — згаджаліся ў канцы паездкі дарослыя і дзеці.

А гэта — самае галоўнае, мяркуе Марыя Бразінская, псіхолаг дзіцячага хоспіса. «Для многіх гэта была першая магчымасць патрапіць на мора, таму мы ўсе стараліся, каб гэтыя два дні былі радаснымі і запамінальнымі».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Супрацоўнікаў «Гродна Азот» працягваюць судзіць за распаўсюд экстрэмізму

Завадчане працягваюць прыцягвацца па артыкуле 19.11 КаАП. Гэта нягледзячы на неаднаразовыя заклікі перагледзець свае сацыяльныя…

23 снежня 2024

«Самі-ведаеце-хто». Гродзенцаў Георгія Роя і Аліну Коўшык цяпер нельга называць

23 снежня ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі акаўнты ў Facebook і візуальны матэрыял гродзенцаў…

23 снежня 2024

Яшчэ адзін папулярны гродзенскі партал прызналі экстрэмісцкім

Сайт і сацсеткі сайта Grodno.in прызналі экстрэмісцкімі. Так вырашыў суд Ленінскага раёна Гродна 20 снежня.…

23 снежня 2024

Новыя суддзі, суд за салідарнасць, 36 «пікетаў». Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Новыя суддзі з'явіліся ў Гродне і вобласці па ўказе Лукашэнкі. Жыхара Навагрудка судзяць за атрыманне…

23 снежня 2024

У цэнтры Гродна прадаюць атмасферную кавярню — у камплекце ідзе кавамашына за $ 18 000

На пляцоўцы «Куфар» з'явілася аб'ява аб продажы гродзенскай кавярні «Чашки&ложки». Установа ўжо чатыры гады працуе…

23 снежня 2024

Для былой адміністрацыі на Савецкай шукаюць арандатараў - там прапануюць адкрыць салон прыгажосці

Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…

23 снежня 2024