Пабачыць мора і правесці выходныя ў Паланзе змаглі 16-17 ліпеня 11 сямей, дзецьмі каторых апякуецца Гродзенскі дзіцячы хоспіс. У паездку выбраліся каля 50 чалавек. Сродкі на падарожжа збіралі на краўдфандынгавай пляцоўцы “Мае Сэнс”.
Любую паездку з дзецьмі, што маюць інваліднасць, лёгкай не назавеш. Рэжым харчавання, прыём лекаў, гігіенічныя працэдуры ў дарозе не адмяняюцца. Але ж мора многія з дзяцей і нават бацькоў ніколі раней не бачылі, таму магчымасці паездкі, не зважаючы на цяжкасці, радаваліся. Выехалі з Гродна ў 4 гадзіны раніцы, каб больш часу правесці на пляжы.

“Дарогу нармальна перанеслі – і елі, і спалі, і песні спявалі, – расказвае Наталля Ненартовіч, адна з мам. – Гэта дробязі ў параўнанні з уражаннямі ад мора. Дзеці даўно хацелі яго пабачыць, а тут – шанец. Цэлы дзень у вадзе разам скакалі. Хвалі з ног збіваюць, а яны пішчаць, смяюцца. Да гэтай пары тату расказваюць, што пясок на моры не такі, як каля Нёмана, а літоўскія цэпеліны не падобныя да беларускіх. Успамінаюць, як на беразе ракушкі збіралі і ў парку шышкамі “Гродна” напісалі. На наступны год ужо “марскія” планы строяць. Пастараемся ўсёй сям’ей з’ездзіць”.

Да пляжа ў Паланзе вядзе палогі пандус, так што дабрацца да мора змаглі нават з дзецьмі на вазках. Каб паплаваць змаглі ўсе, па чарзе прыглядалі за дзецьмі. Сем’і з хоспіса добра ведаюць адна адну і як ніхто іншы разумеюць неабходнасць узаемнай падтрымкі. Таму на цяжкасці на пляжы забыліся – уражанні ад сустрэчы з морам іх пераважылі.
“Мы таксама на моры першы раз з Карынай, – дзеліцца ўражаннямі Ірына Насытка. – Трохі хваляваліся, казалі, што Балтыка халодная, перажывалі, як на пляжы нас успрымуць. Але атрымалася ўсё вельмі добра, тут не звяртаюць увагі на асаблівасці іншых. Ды і кампанія свая – усе роўныя, таму было камфортна, Карына нават трошкі загарэла. І нават хмурае надвор’е другога дня не сапсавала ўражанняў, Паланга нам вельмі спадабалася”.

Вечарам усе сабраліся на пляцоўцы каля гасцявога дома, дзе спыніліся. За размовамі і жартамі не заўважылі, як сцямнела. Хаця ноччу прайшоў дождж і пакупацца наступным днём не атрымалася, шпацыр у парк да палаца Тышкевічаў прынёс не менш задавальнення. Дзівіліся на чаек, што плавалі на затоках разам з качкамі, мноству кветак і старым ліпам вакол палаца.

“Цяжкасці забудуцца, да і нам не прывыкаць, а вось уражанні і ўспаміны ад Балтыкі – застануцца”, – згаджаліся ў канцы паездкі дарослыя і дзеці.
А гэта – самае галоўнае, мяркуе Марыя Бразінская, псіхолаг дзіцячага хоспіса. “Для многіх гэта была першая магчымасць патрапіць на мора, таму мы ўсе стараліся, каб гэтыя два дні былі радаснымі і запамінальнымі”.








