– У кожнага дрэва ёсць уласнік, які абавязаны сачыць за яго станам, – распавядае “Гродзенскай праўдзе” начальнік участка лясной гаспадаркі прадпрыемства «Гродназелянбуд» Андрэй Лубін. – У прыватным падворку гэта домаўладальнік, на гарадскіх тэрыторыях і ў лясных угоддзях Гродна – жыллёва-камунальныя службы, на тэрыторыях прадпрыемстваў і арганізацый – адказныя фізічныя асобы.
Калі ёсць сумневы і падазрэнні ў тым, што дрэва пачынае хварэць або яно дуплістае, а тым больш высыхае, то ў такім выпадку трэба падаваць заяўку ў «Гродназелянбуд» на яго абследаванне. Спецыялісты прадпрыемства выязджаюць на месца і ставяць дыягназ.
З пачатку года ў Гродне выяўлена каля 500 такіх дрэў. Яны прызнаныя аварыйна небяспечнымі. Вядзецца іх спілоўванне і выкарчоўванне. Выканана больш за 30 працэнтаў ад запланаванага.
Як паведаміў Андрэй Лубін, каля 50 дрэў з пачатку гэтага года пашкодзілі шквалістыя вятры, палову з іх – у гарадскіх лясах.