Цэнтр развіцця і адпачынку “Партал” падаўжае кампанію па зборы сродкаў на стварэнне вялікага чацвёртага пакою, дзе будзе праходзіць больш мерапрыемстваў. Збор на “Талацэ” скончаны, сабрана каля 12% ад патрэбнай сумы. Зараз ахвяраваць можна наяўнымі ў скрыню, што знаходзяцца ў памяшканні “Парталу”.

Ахвяравалі грошы людзі, якія не ходзяць у “Партал”

– У нас было дзве мэты: сабраць грошы і заахвоціць людзей паўдзельнічаць у талацэ. Мы не сабралі ўсю суму, але я і не спадзяваўся на гэта. Нечаканым было, што паўдзельнічалі людзі, якія не ходзяць у “Партал”, а проста ведаюць мяне ці маю жонку Таню. І наадварот, шмат хто з “партальцаў” не ахвяраваў грошы, – кажа Іван Петушок, уласнік антыкафэ.

Збор сродкаў на развіццё антыкафэ “Партал” падоўжаны. Цяпер у афлайне
Адміністратары “Партала”. Іван Петушок злева

“Партальцы” збіралі грошы на абсталяванне і рамонт чацвёртага пакою. На гэта патрэбна 4000 рублёў. На “Талацэ” 13 чалавек ахвяравала 273 рублі. Было вырашана працягнуць збор грошай у афлайне. Таксама можна паўдзельнічаць у фінансаванні “Партала”, набыўшы рэч з яго сімволікай. Але гэта будзе ўжо даражэй, чым мог быць папярэдні ўдзел у талацэ.

Чытайце яшчэ:  Антыкафэ «Партал» і яшчэ чатыры праекты: на што збіраюць грошы праз краўдфандынг у Гродне

Дзве траціны сродкаў пойдуць на сувеніры з лагатыпам “Парталу”: кубкі, майкі, значкі. Да жніўня плануецца раздаць падарункі тым, хто ахвяраваў грошы. Застанецца каля 150 рублёў. Яны і пойдуць на абсталяванне і рамонт чацвёртага пакою.

Пакой – не апошні вопыт краўдфандынгу

Іван кажа, што пэўныя нязручнасці стварала платформа. Напрыклад, там быў адзіны спосаб збора грошай: праз картку. Частка людзей не хацела паказваць дадзеныя карткі ў інтэрнэце, а праз АРІП ахвяраваць грошы было складана. Таму шмат людзей прыходзіла і давала наяўныя. Плюсы платформы: адсутнасць камісіі і магчымасць забраць усе ахвяраваныя сродкі, назалежна ад сумы.

Іван кажа, што гэта быў карысны вопыт для будучых праектаў і ўсё, пра што расказваюць на трэнінгах па краўдфандынгу, насамрэч працуе. На асабістую мэту складаней сабраць сродкі, на агульную – прасцей. Чым большая аўдыторыя праекту, тым прасцей сабраць грошы. Таксама важна было наогул нагадаць пра існаванне “Партала” гарадскім ініцыятывам і СМІ.

Цяпер можна праводзіць больш мерапрыемстваў

У “Партале” кажуць, што чацвёртага пакою даўно не хапала. На паказе французскіх фільмаў туды змясцілася 55 чалавек. А ў іншым пакоі змяшчалася толькі 30. У новым пакоі ўжо прайшлі два кватэрнікі. У планах – адкрыты батл, канцэрт Івана Пачывалава і гурта “Прощай, привычка”.

– Зараз можна праводзіць больш мерапрыемстваў, бо ёсць прастора. Планы ёсць, мы рэалізуем іх па меры магчымасці і па меры паступлення новых ініцыятываў. Мы гатовы садзейнічаць рэалізацыі чужых ініцыятываў на максімальна выгодных умовах, – кажуць у “Партале”.

Збор сродкаў на развіццё антыкафэ “Партал” падоўжаны. Цяпер у афлайне
Чайная цэрэмонія ў Цэнтры адпачынку і развіцця “Партал”

Цэнтр развіцця і адпачынку “Партал” – гэта антыкафэ, дзе праходзяць самыя розныя мерапрыемствы, адукацыйныя сустрэчы, трэнінгі і вечары настольных гульняў. Тут можна адзначыць Дзень нараджэння, папрацаваць, скарыстацца Wi-Fi. Тут працуюць клуб настольных гульняў, клуб англійскай мовы і іншыя групы. «Партал» актыўна супрацоўнічае з некамерцыйнымі арганізацыямі і ініцыятывамі.