Аўкцыён па продажы будынка па адрасе пл. Тызенгаўза 4Б, запланаваны на 13 ліпеня, не адбыўся. Як паведамілі Hrodna.life у Гродзенскім абласным тэрытарыяльным фондзе дзяржаўнай маёмасці, на гістарычны аб’ект не знайшлося пакупнікоў.
Стартавая цана за трохпавярховы дом — гісторыка-культурную каштоўнасць другой паловы 18 стагоддзя — складае 440 тысяч долараў. У будучыні цана старога будынка можа прыкметна знізіцца.
У доме ўжо некалькі гадоў ніхто не жыве, толькі на першым паверсе малую частку памяшканняў арандуе прыватная фірма. Будынак належыць УЖРЭП Ленінскага раёна. Новаму ўладальніку, калі такі знойдзецца, трэба будзе на працягу двух гадоў рэканструяваць будынак пад адміністрацыйны аб’ект з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі.
Даведка
Будынак па адрасе пл. Тызенгаўза 4б вядомы як Дом лясной адміністрацыі. Хутчэй за ўсё, пабудаваны з цэглы ў стылі барока ў 1770 годзе па праекце архітэктара Мёзера. Уваходзіў у архітэктурны комплекс Гарадніцы. Магчыма, у 1775−1780 гг. тут працавала акушэрская школа. У 1899−1915 гг. будынак уваходзiў у комплекс акруговай бальнiцы. Пасля Другой сусветнай вайны выкарыстоўваўся пад жыллё.