На сайце «Гродзенскай праўды» 11 ліпеня з’явілася інфармацыя, што ў Гродне для веласіпедыстаў на 30 вуліцах паменшаць вышыню бардзюрнага каменя да 4 см. Інфармацыю растыражавалі амаль усе мясцовыя навінавыя парталы і нават радыё. Але ж паводле ўсіх сучасных норм вышыня бардзюра на вуліцах горада павінна раўняцца 0 см.
Інфармацыяй, якая з’явілася ў інтэрнэце і па радыё, засмучаныя актывісты «ВелаГродна» і проста раварысты.
Яшчэ у 2016 годзе старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой, журналісты, супрацоўнікі ДАІ, а таксама прадстаўнікі розных арганізацый здзейснілі рэйд па вуліцах горада на роварах. Тады ж былі ўзняты праблемы веларуху ў Гродне: перадусім веларазметка і вышыня бардзюр.
За год у некаторых месцах сапраўды былі паніжаны бардзюры, але ў большасцi усё засталося нязменным. Таксама з веларазметкай у цэнтры горада i старых раёнах нічога не было зроблена. Зараз канфлікты велааматараў і пешаходаў у Гродне ўзнікаюць амаль кожны дзень.
«У горадзе веладарожак як не было, так і няма. Нешта падобнае ёсць у Пышках і ў Альшанцы і ўсё, — распавядае старшыня арганізацыі «ВелаГродна» Юлія Каляда. — Аб веладарожках пры будаўніцтве новых дарог гаворыцца шмат, але ўсё застаецца толькі на паперах. Гэта нас і хвалюе. У гэтым годзе мы да гэтага часу чакаем абнаўлення веларазметкі ў горадзе, але яе яшчэ няма. Хоць нам і абяцалі, што разметка пачнецца з красавіка і траўня, а цяпер ужо сярэдзіна ліпеня.
Таксамамы хацелі, каб веладарожка з’явілася ўздоўж Індурскай шашы, але, наколькі нам вядома, рабiць яе не плануецца. На паперы яна ёсць, а ў рэальнасці на яе рэалізацыю грошай няма. І зноў інтарэсы і бяспека такога ўдзельніка дарожнага руху, як веласіпедыст, не ўлічваюцца".
У аддзеле спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама распавялі Hrodna.life, што па норме бардзюры павінны быць 0 см, а адкуль узяліся 4 см, ім не зразумела. Што ж тычыцца разметкі для раварыстаў у цэнтры горада, то ўсё будзе рабіцца калі на гэта будуць выдзелены сродкі. Пакуль жа галоўная задача — гэта будаўніцтва дарог у горадзе.