Мультфільм паводле самага знакамітага твора Антуана дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц» пакажуць у Гродне 28−30 ліпеня. Перад паказам фільма 28 ліпеня адбудзецца сустрэча з творчай групай праекта «Беларускiя ўiкэнды» і прэзентацыя кнігі «Маленькi прынц» на беларускай мове ў перакладзе Ніны Мацяш. У гэты дзень можна будзе таксама набыць кнігу.
Мультфільмам «Маленькі прынц» стаў ў Францыі ў 2015 годзе. Стужка распавядае гісторыю дзяўчынкі і яе незвычайнага сяброўства са смешным старым — тым самым лётчыкам з кнігі «Маленькі Прынц». Самастойны сюжэт пераплецены ў мультфільме з сюжэтам знакамітай кнігі, таму яго будзе цікава глядзець як тым, хто яшчэ не чытаў кнігу, так і тым, хто добра знаёмы з гэтым творам.
Агучку мультфільма на беларускую мову зрабіла ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom. Героі «Маленькага прынца» гавораць па беларуску галасамі Ганны Хітрык, Сятланы Цімохінай, Зміцера Бейнарт-Саладухі, Паўла Харланчука, Сяргея Жбанкова, Уладзімера Глотава. Паказы гэтага мультфільма ў Мінску 23−25 чэрвеня прайшлі з аншлагам, іх наведалі больш за 2 тысячы чалавек.
Выданне кнігі «Маленькі прынц» ў перакладзе на беларускую мову з аўтарскімі малюнкамі арганізатары «Беларускіх ўікэндаў» сумесна з кампаніяй velcom прпымеркавалі да дня нараджэння Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Наведвальнікі паказаў маюць магчымасць не толькі паглядзець мультфільм, але і набыць аднайменную кнігу ў перакладзе Ніны Мацяш. Частка накладу па ініцыятыве velcom будзе перададзена ва ўстановы адукацыі і бібліятэкі, каб яшчэ больш дзяцей і дарослых маглі чытаць сусветную класіку на роднай мове.