Яшчэ два гады таму ніхто не мог падумаць, што ў Гродне пачнуць аднаўляць старыя ігральныя карты Лапіных, якiя выпускалiся ў горадзе да Другой сусветнай вайны. Дзякуючы актыўным гродзенцам, перадусім творчаму згуртаванню «А-Чатыры», карты амаль праз стагоддзе вярнуліся ў продаж. Прэзентацыя новых ігральных карт Лапіных прайшла ў суботу 8 ліпеня ў Новым Замку.
«Сёння першае і самае важнае гэта тое, што гродзенцы змаглi дакрануцца да гісторыi, адчуць рух часу ўласнаруч, — кажа ініцыятар аднаўлення карт Антон Янкоўскi. — Усе, хто наведалi прэзентацыю, не толькі змаглi ўбачыць i набыць карты, якія мы аднавiлі, а таксама маглі паглядзець на арыгіналы карт, якія друкаваліся амаль стагоддзе таму».
«Калі мы ўзяліся за аднаўленне карт, стала паступаць усё больш інфармацыі. Быццам карты чакалі моманту, калі за іх возьмуцца. Бо да знаходкі карт пра іх у горадзе амаль нічога не было вядома. Калі мы ўжо распрацавалі ўласную каробку і пусцілі карты на вытворчасць, знайшлася і цэлая арыгінальная калода, якую трымаў сам ўладальнік фабрыкі Аляксандр Лапін. Праект аднаўлення быў цікавы. Можа, у будучыні выпусцім карты і іншага выгляду, бо ў Лапіных іх было некалькі варыянтаў», — дадаў Антон.
«На прэзентацыі я патрымаў у руках як старыя карты Лапіных, так і новыя. Адчуваю, што ў гэтых карт ёсць гісторыя, а зараз — і будучыня. Па старых картах магу сказаць, што энергетыка ад іх зыходзіць сур’ёзная, адчуваецца, што яны пабывалі ў розных руках, і добрых, і дрэнных. Прадукт вельмі якасны. Новыя карты не горш за старыя і мне з імі ўдалося ўжо папрацаваць, адчуваецца таксама незвычайная энергетыка».