Сур’ёзнае здарэнне ізноў адбылося каля начнога клубе па вуліцы Лідскай у Гродне. На шчасце, на гэты раз смяротнага зыходу ўдалося пазбегнуць. Канфлікт паміж двума маладымі людзьмі з-за дзяўчыны разгарэўся каля 6 раніцы 1 ліпеня.
18-гадовы хлопец з вёскі Навасёлкі Шчучынскага раёна прыехаў у Гродна на дыскатэку, дзе пазнаёміўся з дзяўчынай. Але, як апынулася, у той момант у начным клубе знаходзіўся 25-гадовы знаёмы той самай дзяўчыны, які і прыраўнаваў новага кавалера. Пасля закрыцця дыскатэкі каля ўваходу ў клуб хлопцы пачалі спрэчку, якая перайшла ў бойку.
Гродзенец, старэйшы за прыезджага, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, нанёс моцны ўдар у галаву юнаку са Шчучынскага раёна. Той упаў і атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні: закрытую чэрапна-мазгавую траўму, пералом костак падставы чэрапа, ушыб галаўнога мозгу. Пасля бойкі пацярпелага забралі ў бальніцу. У дачыненні да гродзенца, які нанёс моцныя ўдары свайму апаненту, распачата крымінальная справа па артыкуле «Прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў».
Афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Яраслаў Васілеўскі адзначае, што з пачатку года ў начных клубах горада адбыліся чатыры аналагічныя сітуацыі, якія завяршыліся двума смяротнымі зыходамі і двума фактамі прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
«Калі на дыскатэцы вы выпілі, то галаву губляць не варта: не трэба лезці ў чужыя канфлікты, якія вас не датычацца, а калі яго ўдзельнікам стаў нехта з вашай кампаніі - проста выведзіце знаёмага. Гэта самы лепшы спосаб пазбегнуць далейшага развіцця спрэчнай сітуацыі. Заўсёды варта глядзець на перспектыву: калі апанент мацней або з ім шмат людзей — банальна сыдзіце і тады ваш адпачынак не скончыцца так, як у сённяшняга пацярпелага. Таксама ў кожнай установе ёсць супрацоўнікі аховы, да якіх можна звярнуцца ў тым выпадку, калі наспявае якой-небудзь канфлікт», — распавёў Hrodna.life Яраслаў Васілеўскі.