Гродзенцы, якія ўзяліся за аднаўленне ігральных карт Лапіных, знаходзяцца на фінальнай стадыі. Выніковы варыянт новых карт задаволіў каманду, якая гатова ў бліжэйшы час пусціць у друк першую партыю.

Нагадаем, карты, якімі гулялі аматары азарту з усёй міжваеннай Польшчы, вырашылі аднавіць у Гродне. Тут іх друкавалі на фабрыцы братоў Лапіных, пры рэканструкцыі якой восенню 2015 знайшліся арыгіналы прадукцыі. Карты практычна ствараліся з нуля, кожны асобнік старанна вымалёўваўся згодна са знойдзеным арыгіналам.

Сустрэча стагоддзяў: у Гродне параўналі старыя і новыя ігральныя карты Лапіных

«Мы рады паведаміць, што ўжо ў бліжэйшы час запусцім карты ў друк. Першая партыя будзе 2000 калод. У канцы чэрвеня мы іх прэзентуем, а таксама выставім на продаж. Дакладную дату сказаць пакуль складана, але гэта будзе вельмі хутка. Дарэчы, да 28 чэрвеня нас можна яшчэ падтрымаць на Талацэ, гэта можа зрабіць любы ахвотны. Ужо зараз мы можам сказаць дзякуй мінскай краме Symbal.by, гродзенскай краме „Лёля“ і наваградскай сувенірнай краме, якія падтрымалі наш праект. У гэтых месцах новыя карты з’явяцца ў першую чаргу», — распавёў прадпрымальнік Антон Янкоўскі.

Папярэдне адна калода карт будзе каштаваць каля 6 рублёў.
Першыя 2000 калод новых карт Лапіных з'явяцца ў продажы ў канцы чэрвеня