Афіцыйныя матчы па рэгбі прайшлі ў Гродне 10 чэрвеня ўпершыню пасля 45-гадовага перапынку. У другім туры чэмпіянату Беларусі, які праходзіў на стадыёне гімназіі №2, гродзенскі “Рух” правёў чатыры матчы і здолеў атрымаць у іх адну перамогу.
Паназіраць за супрацьстаяннем каманд прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. У асноўным тыя, хто жыве недалёка ад стадыёна. У гэты дзень у Гродна прыехалі тры мінскія дружыны: “Харугва”, “Сцяпянка і “Мінск”, а таксама каманда з Гомеля” Кватро”. Гродзенцы правялі з кожным супернікам па матчы і толькі аднойчы здолелі дамагчыся перамогi.
“Рух” – “Харугва” 5:27
“Мінск” – “Рух” 0:46
“Рух” – “Сцяпянка” 14:26
“Кватро” – “Рух” 36:0
“Нашы гульцы незадаволеныя вынікамі, бо выйгралі толькі адну гульню, а прайгралі больш дасведчаным супернікам. Вынік чаканы, ён у першую чаргу залежыць ад колькасці гульняў і трэніровак праведзеных поўным складам каманды, – распавядае гулец і трэнер гродзенскай дружыны Юрый Аколаў. – Але ёсць i станоўчыя моманты: нашы спаборніцтвы гэта для Гродна гiстарычная падзея. З часу апошніх афіцыйных матчаў па рэгбі ў горадзе прайшло 45 гадоў. Тады, у 1972 годзе, у Гродне праходзіў чэмпіянат СССР. Тады мы гулялі ў класiчнае рэгбі, сёння ў нас рэгбі-7. Гэта новы від, які з’явіўся каля 10 гадоў таму, і ён ужо алімпійскі”.
Прыезджым камандам арганізацыя спаборніцтваў у Гродне спадабалася, хоць Юрый Аколаў лічыць, што можна было і лепш падрыхтавацца: на вялікім стадыёне, з музыкай, выязным гандлем, інфармацыяй па тэлебачанні, забеспячэннем харчавання гульцоў. Але для ўсяго гэтага патрэбныя сродкі для арганізацыі, а з васьмю гульцамі каманды гэта зрабіць немагчыма.













