Сфатаграфавацца з тхаром і паглядзець на спаборніцтвы гэтых жывёлак маглі гродзенцы 10 чэрвеня на свяце «У гасцях у тхара» ў парку Жылібера.
Свята арганізавала аб’яднанне аматараў тхароў «Фуриттус». Шэсць тхароў прывезлі ў Гродна гаспадары-мінчукі, столькі ж жывёл прывялі ў парк мясцовыя ўладальнікі.
Салодкае тхарам нельга
У гродзенцаў Эльвіры і Ігара Кандрашовых у кватэры жывуць тры тхары і два сабакі. У іх часта пытаюцца, навошта ім столькі жывёл. Пара адказвае, што кожны, хто завядзе сабе ўласных тхароў, іх зразумее.
«Сабакі і каты ў параўнанні з тхарамi і побач не стаяць. Жывецца нам добра, праблем не ўзнікае. Толькі час ад часу тхары дражняць сабак, бо яны самі драпежнікі. Кормім тхароў асобна, але часам яны могуць і да нас у талерку залезці, і да сабак. Ядуць мяса, рыбу, гародніну, сухі корм, часам перападае кавалачак торта, але гэта для іх рэдкасць. Салодкае ім нельга».
Тхароў часта знаходзяць на вуліцы
Мерапрыемства ў парку пачалося з казкі пра тхароў, у якой прынялі ўдзел дзеці. Пасля ўладальнікі разам з жывёламі удзельнічалі ў розных конкурсах. Пачынаючы ад конкурсу касцюмаў і заканчваючы «жмуркамі».
«Мы хацелі пазнаёміць гродзенцаў з нашымі гадаванцамі і паказаць, што тхары гэта мірныя жывёлы, якiя могуць жыць у нашых кватэрах, — распавядае мінчанка Таццяна Наканечная. — У Гродна я прыехала з Басяй, гэта не мой тхор, мае тры дома на каранціне. Так атрымалася, што яны ўсе ў мяне адмоўнікі - іх кінулі гаспадары».
Таццяна кажа, што калі людзі вырашаюць адмовіцца ад тхара, галоўнае, каб яны яго не выкідалі на вуліцу, а аддавалі ў «Фурыттус». Там знойдуць яму новы дом. Удзельнікі аб’яднання часта знаходзяць тхароў на вуліцы ў вельмi цяжкім стане.
«Гэтыя жывёлы хоць і драпежнiкi, але ў горадзе ім выжыць праблематычна. Часта яны падвяргаюцца агрэсіі з боку сабак і катоў», — кажа Таццяна.
Трымаць тхароў - не танна
У перапынках паміж конкурсамі ўладальнікі тхароў распавядалі гродзенцам аб правільным даглядзе за жывёламі, а таксама пра тое, дзе іх лепш за ўсё набываць.
У кватэры галоўнага арганізатара Анастасіі Тупаковой, акрамя сабакі, пацука і рыбак, жыве шэсць тхароў. Да такога жыцця мінчанка прывыкла і дзеліцца сваім вопытам з усімі жадаючымі.
«Мы стараемся ездзіць па гарадах Беларусі і сустракацца з уладальнікамі тхароў, а таксама папулярызаваць гэтых жывёл, аб якіх у нас мала што ведаюць.
Тым, хто збіраецца заводзіць гэтых звяркоў, трэба ўсё добра абдумаць. Кармленне і ветэрынарыя тут дарагія. Шмат у каго ў месяц на аднаго тхара сыходзіць каля 40 рублёў. Каб жывёлы былі добрыя і доўга жылі, іх трэба купляць у гадавальніках, а не з рук. Жывуць тхары ў хатніх умовах добра, у прыбіральню ходзяць у спецыяльныя латкі. Так што выгульваць іх не абавязкова".
Цана на тхароў у Беларусі зараз пачынаецца ад 100 долараў. Шмат у цане залежыць ад афарбоўкі. Жывуць тхары пры правільным даглядзе 8−12 гадоў.